СМІ: Чарнагорыя можа выдаць расійскага прапагандыста ЗША
- 9.10.2026, 14:15
У кіраўніка «Рыбара» пры сабе былі дроны.
Заснавальніка расійскага прапагандысцкага тэлеграм-канала «Рыбар» Міхаіла Звінчука затрымалі ў Чарнагорыі. Паводле інфармацыі выдання Vijesti, якое спасылаецца на крыніцы ў сілавых структурах, у яго і ягоных калег знайшлі дроны, лічбавую тэхніку і электронныя прылады.
Як піша Vijesti, Звінчука затрымалі супрацоўнікі Дэпартамента бяспекі Тівата і Агенцтва нацыянальнай бяспекі ў раёне Котарскага заліва. Разам з ім пад варту трапілі яго жонка і трое калегаў па расійскай інфармацыйнай сетцы «Рыбар». Паводле слоў крыніц выдання, пры затрыманых былі дроны, складаная лічбавая тэхніка і электронныя прылады. Цяпер з імі праводзяцца працэсуальныя дзеянні.
Vijesti сцвярджае, што чарнагорскія спецслужбы ведалі пра прыезд Звінчука загадзя і некалькі дзён назіралі за ім ужо на тэрыторыі краіны.
У праекце «Рыбар» пацвердзілі затрыманне Звінчука і ягоных калег. Паводле версіі праекта, расіяне знаходзіліся ў Чарнагорыі легальна і збіраліся здымаць Цэцінскі манастыр. Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава заявіла, што пасольства РФ у Чарнагорыі высвятляе абставіны затрымання.
Як паведамляе Vijesti, Звінчук знаходзіцца пад санкцыямі Вялікабрытаніі, а ў ЗША яго падазраюць ва ўмяшанні ў амерыканскія выбары. Паміж Чарнагорыяй і ЗША дзейнічае дагавор аб экстрадыцыі.