У Беларусі плануюць павысіць падатак на некаторыя віды алкаголю
- 9.10.2026, 14:18
Прэміяльныя імпартныя напоі могуць істотна падаражэць.
Улады хочуць усталяваць павышаныя акцызы на прэміяльны імпартны алкаголь. Гэта прадугледжана праектам змяненняў у Падатковы кодэкс на 2027 год. У выпадку прыняцця такога рашэння шэраг алкагольных напояў, хутчэй за ўсё, падаражэе, піша «Зеркало».
Для моцных алкагольных напояў, згодна з планамі ўладаў, акцыз складзе 41,85 рубля за літр безводнага спірту. А для асноўнай катэгорыі іншай алкагольнай прадукцыі з крэпасцю ад 7% прадугледжаная стаўка 27,9 рубля (у гэтым годзе — 26,27 рубля).
Да групы прэміяльнага мяркуюць адносіць алкаголь, які ўвозіцца ў Беларусь з краін па-за ЕАЭС, калі яго імпарт не адносіцца да выключнага права дзяржавы і ён уключаны ў спецыяльны пералік МАРТ. Гэты спіс абнаўляецца штогод. Напрыклад, у гэтым годзе ў такім пераліку значацца дзясяткі відаў каньякоў, віскі, ромаў, вінаў, а таксама ёсць адзін джын з ЗША.
Змяненне закране каньяк, вермут, віскі, ром і джын, вырабленыя па-за ЕАЭС. Аднак у групу з павышаным акцызам не ўвойдуць прэміяльныя натуральныя віны з сакавіцкага спецыяльнага пераліку, пазначана ў дакуменце. Для іх памер акцызу будзе ніжэйшы — 2,42 рубля.
Акцыз на іншыя слабаалкагольныя напоі, у выпадку прыняцця змяненняў, вырасце з 34,76 да 36,92 рубля, а натуральныя слабаалкагольныя — з 19,86 да 21,09 рубля. На плодавыя мацаваныя віны — марочныя, палепшанай якасці і спецыяльнай тэхналогіі — акцыз плануюць павысіць з 19,36 да 20,56 рубля за літр безводнага спірту.
Павышэнне акцызаў, хутчэй за ўсё, прывядзе да росту цэн на такую прадукцыю. Аднак падаражанне не абавязкова будзе прапорцыйным гэтаму росту ставак.