BE RU EN

NYT: Еўропа шукае адэкватны адказ на гібрыдныя атакі Крамля

  • 9.10.2026, 15:36

Расіяне выкарыстоўваюць інструменты, якія складана атрыбутаваць.

Еўрапейскія краіны імкнуцца знайсці аптымальны спосаб рэагавання на ўзмацненне расійскага сабатажу — каб не рэагаваць празмерна, але і не выглядаць слабымі.

Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле The New York Times, апублікаваным у пятніцу, 9 кастрычніка.

Еўрапейскія чыноўнікі кажуць, што не чакаюць поўнамаштабнага ўварвання Расіі ў краіны НАТА — на іх думку, у гэтым аспекце традыцыйнае стрымліванне спрацавала. Аднак што да гібрыдных атак, алгарытм рэагавання менш зразумелы — паводле слоў чыноўнікаў, яны баяцца, што «выпадкова або наўмысна адна з такіх атак прывядзе да значных ахвяр».

Як заявіў былы супрацоўнік разведкі НАТА Дэвід Кетлер, цяпер працуе ў вашынгтонскім Цэнтры аналізу еўрапейскай палітыкі, Расія «спрабуе зламаць волю да падтрымкі Украіны, а ў больш шырокім сэнсе — змяніць архітэктуру бяспекі Еўропы». Ён адзначыў, што расіяне выкарыстоўваюць інструменты, «якія складана атрыбутаваць, якія, на іх погляд, дастаткова вялікія, каб мець значэнне, але ў той жа час дастаткова малыя, каб не справакаваць большы канфлікт».

Паводле меркавання былога высокапастаўленага чыноўніка НАТА Каміля Грана, рэагаваць варта спакойна — каб «не трапіць у расійскую пастку праз празмерную рэакцыю», — але і не быць «занадта самазадаволенымі і ігнараваць рэальнасць».

Еўропа спрабуе ўзмацніць стрымліванне гібрыднай вайны (агрэсіўных дзеянняў, што не з'яўляюцца прамым ваенным канфліктам) на трох узроўнях: праз выкрыццё атак Расіі і прамыя абвінавачанні ў бок Крамля; праз павышэнне інфармаванасці грамадства і стварэнне больш надзейнай абароны вакол патэнцыйных мэт; праз прыняцце мераў супраць Масквы (санкцыі і г.д.) з выразным пасланнем расійскаму дыктатару Уладзіміру Путіну.

«Любая атака павінна быць ясна звязаная з канкрэтнымі мерамі рэагавання», — сказаў спецыяліст Літоўскага цэнтра геапалітыкі і даследаванняў у галіне бяспекі Лінас Кояла. І ўдакладніў, што еўрапейскім урадам варта «загадзя забяспечыць фінансаванне і прававыя паўнамоцтвы, каб рэагаванне не затрымлівалася праз новыя палітычныя дэбаты пасля кожнага інцыдэнту».

Такі падыход прадугледжвае калектыўную еўрапейскую аднагалоснасць адносна рэагавання на непрадбачаныя атакі. Аднак, на думку Дэвіда Кетлера, дасягненне такой аднагалоснасці можа быць «даволі складанай задачай».

NYT нагадала, што ўжо нямала інцыдэнтаў у Еўропе наўпрост прыпісваюць Расіі або лічацца арганізаванымі па заказе Масквы — напрыклад, дыверсіі на чыгунцы ў Польшчы ў лістападзе 2025 года, уварванне расійскіх дронаў у паветраную прастору краін Балтыі і г.д. Сярод іх вылучаўся інцыдэнт з выяўленнем беспілотніка з выбухоўкай у аэрапорце Лейпцыга ў жніўні — тады Германія афіцыйна абвінаваціла РФ у нападзе на ўкраінскі самалёт.

Некаторыя краіны, такія як Данія, Фінляндыя і Польшча, ужо рыхтуюць сваіх грамадзян да патэнцыйных ваенных дзеянняў. Аналітыкі прызнаюць, што такія меры сапраўды неабходныя, аднак яны не могуць абараніць ад няшчасных выпадкаў (у тым ліку наўмысных) з магчымай гібеллю людзей.

Ініцыятыва ўсё яшчэ на баку Расіі, адзначыў Лінас Кояла. «Адказ павінен выходзіць за межы абароны», — падкрэсліў ён.

Паводле меркавання літоўскага эксперта, такі адказ павінен быць накіраваны «на сеткі, што стаяць за гэтымі аперацыямі». Неабходна ідэнтыфікаваць супрацоўнікаў расійскай разведкі і выстаўляць ім абвінавачанні, перашкаджаць вербаванні і фінансаванню мясцовых праксі-сіл, растлумачыў ён.

Апошнія навіны