78% амерыканцаў вінавацяць Белы дом у павышэнні цэн
- 9.10.2026, 21:16
Апытанне.
Чатыры з пяці амерыканцаў лічаць, што палітыка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа спрыяла росту цэн, які апярэджвае павелічэнне іх даходаў. Пра гэта сведчаць вынікі апытання Reuters/Ipsos.
Паводле даследавання, 78% рэспандэнтаў, уключаючы 64% прыхільнікаў Рэспубліканскай партыі і 76% незалежных выбарцаў, ускладаюць прынамсі частку адказнасці за рост цэн на Белы дом. Большасць удзельнікаў апытання таксама назвалі ўведзеныя адміністрацыяй Трампа мыты адным з асноўных фактараў падаражання жыцця.
Пры гэтым 57% выбарцаў-рэспубліканцаў заявілі, што выдаткі на жыццё растуць хутчэй, чым іх заработная плата. Паводле ацэнкі Reuters, такія вынікі сведчаць пра расчараванне часткі электарату палітыкай Трампа, які падчас перадвыбарчай кампаніі 2024 года абяцаў хутка знізіць інфляцыю і цэны.
Прыкладна чвэрць прыхільнікаў Рэспубліканскай партыі негатыўна ацэньваюць кіраванне эканомікай з боку прэзідэнта. Такога ж меркавання прытрымліваюцца 63% незалежных выбарцаў і 92% прыхільнікаў Дэмакратычнай партыі.
Негатыўную ацэнку атрымалі і дзеянні адміністрацыі ў барацьбе з інфляцыяй. Палітыку ўладаў у гэтай сферы лічаць неэфектыўнай 68% усіх апытаных, у тым ліку 40% прыхільнікаў Рэспубліканскай партыі.