WSJ: Буданова ў Абу-Дабі чакала нечаканая сустрэча
- 10.11.2026, 16:16
Кіраўнік Офіса Прэзідэнта Украіны ўбачыў расійскага генерала, які хацеў яго забіць.
У склад расійскай дэлегацыі на перамовах з Украінай і ЗША ў Абу-Дабі ўвайшоў адзін з кіраўнікоў ФСБ генерал Дзмітрый Мінаеў. Як піша The Wall Street Journal, менавіта яго дэпартамент кантравыведвальных аперацый стаяў за няўдалым замахам на Кірыла Буданава у Кіеве ў 2019 годзе.
Сёння Буданаў, былы кіраўнік ГУР, а цяпер кіраўнік Офіса Прэзідэнта Украіны, уваходзіць у склад украінскай дэлегацыі і сядзіць за перамоўным сталом насупраць Мінаева. Пры гэтым генерал уваходзіць у чацвёрку членаў расійскай групы, якія не ўдзельнічалі ў папярэдніх раўндах.
Замах адбыўся 4 красавіка 2019 года ў Галасееўскім раёне Кіева. Расійскі дыверсант спрабаваў закласці выбухоўку пад аўтамабіль Chevrolet Evanda, якім карыстаўся Буданаў, аднак прылада спрацавала проста ў момант усталёўкі. Падрыўнік атрымаў цяжкія раненні, а Буданаў не пацярпеў. Пазней двух расійскіх выканаўцаў прысудзілі да 7 і 8 гадоў зняволення.
Іх высокапастаўлены куратар з ФСБ цяпер прыбыў у Абу-Дабі як удзельнік мірных перамоваў.