ЗСУ нанеслі ўдар па заводзе, дзе рамантуюць «лятаючыя радары» А-50
- 10.11.2026, 16:40
Падрабязнасці ад украінскага Генштаба.
Сілы абароны Украіны ўначы 10 лістапада атакавалі завод у Старой Русе Наўгародскай вобласці РФ, дзе рамантуюць самалёты А-50. Такіх машын у Расіі засталося зусім няшмат. Пра гэта паведаміў Генеральны штаб ЗСУ.
У ведамстве патлумачылі, што А-50, якія называюць «лятаючымі радарамі», вядуць разведку мэтаў і дапамагаюць расіянам хутка рэагаваць на паветраныя пагрозы, у тым ліку на набліжэнне ўкраінскай авіяцыі і крылатых ракет.
«Адзін такі самалёт каштуе каля 350 мільёнаў долараў, а ў дзяржавы-агрэсара ў спраўным стане іх засталося ўсяго некалькі. Кожны борт для Расіі на вагу золата», — гаворыцца ў паведамленні Генштаба.
Паводле даных вайскоўцаў, на 123-м авіярамонтным заводзе ў Наўгародскай вобласці рамантуюць А-50, а таксама мадэрнізуюць і абслугоўваюць ваенна-транспартную авіяцыю. Прадпрыемства мае ўласную ўзлётна-пасадачную паласу, таму цяжкія самалёты садзяцца проста на яго тэрыторыі.
У Генштабе нагадалі, што Сілы абароны ўжо «наведвалі» завод у сакавіку 2026 года. Тады быў пашкоджаны А-50, які знаходзіўся на абслугоўванні і, магчыма, чакаў мадэрнізацыі.
«У ноч на 10 лістапада агрэсару зноў прыляцела. На тэрыторыі завода прагрымелі выбухі, пасля чаго ўспыхнуў пажар. Маштабы шкоды ўдакладняюцца. Але галоўнае ўжо зразумела: такія ўдары азначаюць, што расійскія транспартнікі і спецыяльныя самалёты будуць даўжэй прастойваць на зямлі, і аднаўляць іх праціўніку стане яшчэ цяжэй», — падкрэслілі ў ведамстве.