Reuters: Атакі Украіны вывелі з ладу амаль траціну магутнасцяў НПЗ у Расіі
- 10.11.2026, 20:30
Перапрацоўка нафты ў РФ магла зменшыцца на 200 тыс. тон.
З канца кастрычніка 2026-га ўдары ўкраінскіх беспілотнікаў па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах скаротылі магутнасці РФ па перапрацоўцы нафты прыкладна на 30%.
Пра гэта 10 лістапада паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на дзве крыніцы ў расійскай нафтавай галіне.
Паводле даных галінавых крыніц і чыноўнікаў, за апошні тыдзень украінскія атакі прывялі да збояў у працы і ўзнікнення надзвычайных сітуацый на 9 з 35 найбуйнейшых нафтаперапрацоўчых заводаў у Расіі, паведамляе Reuters.
«Як паведамляюць галінавыя крыніцы, сукупная намінальная сутачная магутнасць расійскіх НПЗ, якія падвяргаліся атакам беспілотнікаў з канца кастрычніка, уключаючы тры буйныя заводы ў цэнтральнай Расіі, складае каля 2,2 млн барэляў — у параўнанні з агульнай магутнасцю першаснай перапрацоўкі ў Расіі, якая складае каля 930 тысяч тон нафты ў суткі», — піша агенцтва.
Пры гэтым, паводле даных крыніц Reuters, напрыканцы кастрычніка расійскія НПЗ перапрацоўвалі каля 700 тысяч тон (каля 5 млн барэляў) сырой нафты ў суткі.
«Крыніцы ацэньваюць, што фактычнае скарачэнне аб'ёмаў перапрацоўкі нафты на расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах можа складаць да 200 тысяч тон у суткі. У лік пацярпелых заводаў уваходзяць НПЗ у Разані, Яраслаўлі і Паволжы», — піша агенцтва.
Украіна аднавіла ўдары па расійскіх НПЗ пасля 30 кастрычніка, калі энергетычнае перамір'е, абвешчанае прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам паміж Кіевам і Масквой, так і не ўступіла ў сілу.