У цэнтры Магілёва знайшлі «партал» у Мадрыд
- 11.11.2026, 9:19
Самі іспанцы таксама здзіўляюцца.
У сацсетках завірусілася відэа з каналізацыйным люкам у беларускім Магілёве. На яго крышцы можна ўбачыць надпіс «Мэрыя Мадрыда» і сем зорак — сімвал іспанскай сталіцы. У Threads з’явілася і версія, якая тлумачыць паходжанне незвычайных люкаў.
На відэа звярнула ўвагу беларуска vivamarusia, родам з Магілёва, якая цяпер жыве ў Іспаніі, піша «Зеркало».
«Іспанскі інтэрнэт цяпер у лёгкім шоку: па TikTok і Reels вірусіцца відэа з каналізацыйным люкам у Беларусі, на якім горда красуецца… Ayuntamiento de Madrid («Мэрыя Мадрыда». — Заўв. рэд.) і сем зорак іспанскай сталіцы. Іспанцы цалкам сур’ёзна будуюць тэорыі пра тэлепартацыю і збой матрыцы.
А я гляджу на гэта і думаю: я сама вырасла ў Магілёве, столькі гадоў таптала гэтыя тратуары, глядзела пад ногі тысячу разоў — і ні разу не звярнула ўвагі, што мы літаральна хадзілі па «Мадрыдзе», — напісала яна.
На крышцы таксама можна разабраць іспанскія словы Alcantarillado («каналізацыя») і Registro («аглядны люк»).
Паводле версіі аўтаркі, у 2000-х гадах беларускія ліцейныя заводы выраблялі чыгунныя вырабы на экспарт паводле еўрапейскіх кантрактаў. Пры гэтым частка прадукцыі нібыта не праходзіла кантроль якасці, таму яе пакідалі ў Беларусі.
«Разгадка аказалася да смешнага вытворчай. У нулявых нашы беларускія ліцейныя заводы (уключаючы той жа Смаргонскі агрэгатны) рабілі чыгунныя люкі на экспарт паводле еўрапейскіх кантрактаў — строга паводле іх нормаў UNE EN. А тыя крышкі, якія еўрапейскі тэхкантроль бракаваў з-за найменшай поры ў чыгуне або мікратрэшчыны (плюс проста тэхналагічны лішак партыі), назад пераплаўляць не сталі. Іх пусцілі на добраўпарадкаванне ўласных вуліц і заводскіх тэрыторый», — сцвярджае беларуска.
Заўважым, у Смаргоні сапраўды працуе ліцейна-механічны завод, які выпускае ў тым ліку каналізацыйныя люкі. Аднак пра тое, што менавіта на ім выраблялі крышкі для Мадрыда і што забракаваныя вырабы потым выкарыстоўвалі ў Магілёве, публічна не паведамлялася
Тым часам у каментарыях беларусы распавялі, што падобныя люкі трапляюцца даволі часта, і не толькі ў абласным цэнтры:
«У Магілёве іх вельмі шмат. На відэа толькі адзін люк. Нават у Бракаве ёсць іспанскія люкі».
«Даўным-даўно такі ў Магілёве бачыла і сфатаграфавала».
«У Магілёве такіх люкаў было нямала».
«Гэта вы яшчэ ў Быхаве пад ногі не глядзелі».
Не абышлося і без жартаў:
«О, віза не патрэбная. Адкрыў — і ўжо ў Мадрыдзе».
«Эх, усё ж не трафейны».
«Як усё проста. А я ўжо ўяўляў, як хтосьці з беларусаў пхае ў багаж удала ўкрадзены ў Мадрыдзе люк».