BE RU EN

Зяленскі назваў свае чаканні ад сустрэчы з Уіткофам і Кушнерам

  • 11.11.2026, 22:49

Прэзідэнт Украіны плануе сустрэцца з імі ў Дубліне.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі разлічвае, што спецпасланцы ЗША Стыў Уіткоф і Джарэд Кушнер пасля сустрэчы з Пуціным перададуць Украіне адказ Расіі на пытанні, паднятыя на перамовах у Абу-Дабі.

Прэзідэнт плануе сустрэцца з імі ў Дубліне, куды ён прыбыў на саміт Еўрапейскай палітычнай супольнасці. Пра гэта Зяленскі заявіў у сераду, 11 лістапада, падчас супольнай прэс-канферэнцыі з прэм'ер-міністрам Ірландыі Міхалам Марцінам, перадае New Voice.

Найперш Кіеў чакае рэакцыі Масквы наконт абмену палоннымі. Паводле слоў прэзідэнта, бакі абмяркоўвалі фармат «1000 на 1000» — «можа, атрымаецца 1200». «Я не бачу прычын, паводле якіх Расія мусіла б адмовіць, але ўсякае бывае», — адзначыў ён.

Другое пытанне — гарантыі бяспекі. Зяленскі распавёў, што ў Абу-Дабі абмяркоўваліся некалькі фарматаў гарантый для Украіны, прычым гэтым разам дэлегацыі паглыбіліся ў дэталі больш, чым раней. Асобна абмяркоўвалася магчымасць трохбаковай сустрэчы лідараў, бо перамоўцы, паводле слоў прэзідэнта, не маюць мандата на вырашэнне тэрытарыяльных і іншых пытанняў.

Украіна таксама падняла пытанне аб перамір'і — у сферы энергетыкі, на моры і адносна крытычнай інфраструктуры. Аднак, як паведаміў Зяленскі, расійская дэлегацыя заявіла, што не мае мандата на адказ. Таму бакі дамовіліся, што амерыканцы падымуць гэтыя пытанні падчас сустрэчы з Пуціным.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў важнае, паводле яго слоў, рашэнне: Еўропа павінна быць за столам перамоў. Ён адзначыў, што амерыканскі бок стаў ставіцца да гэтага больш добразычліва, і выказаў надзею, што наступным разам Еўропа будзе ўдзельнічаць у перамовах як раўнапраўны бок, а не толькі на палях сустрэчы.

Апошнія навіны