BE RU EN

У Японіі рэслер стаў дэпутатам і дамогся права прыходзіць на пасяджэнні ў масцы

  • 11.11.2026, 23:02

Відэафакт.

У японскім горадзе Каванісі дэпутат дамогся права наведваць пасяджэнні гарадскога савета ў масцы рэслера. Ён шмат гадоў выступае на рынгу ў гэтым вобразе і вырашыў не адмаўляцца ад яго пасля перамогі на выбарах, піша The Mainichi.

Падчас перадвыбарчай кампаніі Білікен Кід таксама не здымаў маску, таму выбарцы выдатна ведалі, за каго галасуюць. Аднак пасля выбараў узнікла пытанне, ці можа дэпутат з’яўляцца ў такім выглядзе на афіцыйных пасяджэннях. У правілах гарадскога савета забароны на маскі не было, але канчатковае рашэнне ўсё роўна давялося прымаць асобна.

Прадстаўнікі дэпутацкіх аб’яднанняў абмеркавалі просьбу рэслера. Чатыры з пяці груп яе падтрымалі. Яны палічылі, што калі жыхары выбралі кандыдата менавіта ў такім вобразе, прымушаць яго змяняць знешні выгляд — няправільна. Супраць выступілі прадстаўнікі групы, у якую ўваходзяць члены Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Яны нагадалі, што раней Білікен з’яўляўся на публіцы і без маскі, а дзяржаўнаму службоўцу варта трымацца зразумелых правілаў паводзінаў.

У выніку большасць прагаласавала за дазвол. Дэпутат можа ўдзельнічаць у пасяджэннях у звыклым касцюме, але перад уваходам у зал яго асобу павінны праверыць. Пры гэтым ён паабяцаў здымаць маску на жалобных цырымоніях, а падчас афіцыйных паездак улічваць пажаданні прымаючага боку.

Апошнія навіны