Зяленскі адказаў, ці змог бы ён прабачыць Пуціну за вайну супраць Украіны
- 11.11.2026, 23:26
Прэзідэнт Украіны даў адназначны адказ.
Расіяне павінны панесці адказнасць за тое, што нарабілі ва Украіне, перакананы прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Пра гэта ён сказаў на прэс-канферэнцыі ў Даніі 10 лістапада, перадае «Гордон».
Журналіст хрысціянскага выдання Christian Daily спытаў у Зяленскага, ці змог бы ён у дзень Страшнага суда прабачыць дыктатара РФ Уладзімира Пуціна.
«Не, вядома», — адказаў Зяленскі.
Тады журналіст удакладніў: «А як наконт прымірэння паміж украінцамі і расіянамі» і як Зяленскі бачыць гэты працэс.
«Ведаеце, тут гаворка не пра прабачэнне — ды і не ўпэўнены, што яно ім наогул патрэбна. Яны не могуць усвядоміць, што з’яўляюцца агрэсарамі. Разумееце, гэта ж не нейкія абстрактныя рэчы... Яны забілі — і гэта не абстракцыя, а цалкам канкрэтная колькасць людзей у зусім канкрэтных гарадах. І нарабілі мноства пакут у вельмі канкрэтных жыццях. Дык што, калі кажуць пра „прабачэнне“... Хто я такі? Я ўсяго толькі чалавек, а не Бог», — адказаў прэзідэнт Украіны.
Ён падкрэсліў, што павінен быць пераслед вінаватых, забойцы павінны быць знойдзеныя і адказаць за ўчыненае.
«Так, вядома, адказы могуць быць рознымі; гэта справа судоў, правасуддзя і гісторыі. Бо я не ўпэўнены, што вінаватыя панясуць адказнасць у той момант, калі вайна скончыцца, — а я не ведаю, калі менавіта яна скончыцца, але гэта абавязкова адбудзецца», — сказаў Зяленскі.