Пад Гроднам у лесе знайшлі «Жыгулі» са дзіўным надпісам
- 12.11.2026, 9:30
Уладальнік растлумачыўся.
Пад Гроднам у лесе знайшлі старыя «Жыгулі» з дзіўным надпісам, фатаграфіі якога разышліся па сацсетках. Уладальнік аўтамабіля распавёў, што падчас паездкі з сябрамі машына там завязла, і забраць яе адразу не атрымалася. Аднак гісторыяй зацікавілася міліцыя, якая западазрыла мужчыну ў спробе зарабіць «танную папулярнасць» — цяпер яму пагражае штраф.
Старую «капейку» знайшлі пасярод лясапарку «Пышкі» — у машыны былі разбітыя шкла, спушчаныя колы, а ў салоне ляжала смецце. На кузаўзе быў надпіс: «Хто знойдзе, можна толькі фота. Добрага дня». Адзін з гараджан выказаў здагадку, што аўтамабіль «выкарыстоўваюць як своеасаблівы трамплін веласіпедысты або матацыклісты», — пісаў NewGrodno.by.
Пазней уладальнік «Жыгулёў» знайшоўся і патлумачыў, як машына апынулася ў лесе:
«Усё вельмі проста: мы каталіся з сябрамі, потым машына завязла, там нешта зламалася. Мы часова пакінулі яе ў лесе. Надпіс зрабіў я, спадзяваўся, што так яна лепш захаваецца. Але на тых, хто выкарыстоўваў яе як трамплін, зла не трымаю», — распавёў малады чалавек.
Паводле яго слоў, машына прастаяла ў лесе менш за тыдзень — калі яна завязла, ужо было цёмна, таму адразу выцягнуць яе не атрымалася. Пазней сябры ўсё ж такі забралі аўтамабіль.
«Мы і так прыбралі б машыну, а тут давялося зрабіць гэта аператыўней», — патлумачыў уладальнік.
Ён дадаў, што цяпер «капейку» разберуць на запчасткі, а астатняе здадуць у металалом.
Тым часам гісторыяй зацікавілася міліцыя. Там паведамілі, што пасля з’яўлення фатаграфій супрацоўнікі Ленінскага РАУС выехалі ў лясапарк, знайшлі аўтамабіль і ўстанавілі асобу ўладальніка. Паводле версіі сілавікоў, ён спрабаваў «зарабіць танную папулярнасць».
«Кідаць аўтахлам у лесе дзеля хайпу — гэта не проста прыклад безадказных паводзін, але і прамое правапарушэнне. За падобныя дзеянні і парушэнне правілаў добраўпарадкавання прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць», — заявілі ў міліцыі.
Матэрыялы перададзены ў УЖРЭП Ленінскага раёна для далейшага разбору і прыцягнення вінаватага да адказнасці.