«Простых беларусаў папярэджваць пра набліжэнне дронаў не збіраюцца»
- Кірыл Іваноў, «Салідарнасць»
- 12.11.2026, 9:36
Неба пры правленні Лукашэнкі далёка не «мірнае».
У ноч на 11 лістапада Ваенна-паветраныя сілы Літвы атрымалі па тэхнічнай лініі паведамленне з Беларусі пра неапазнаныя аб'екты, што ляцелі ў яе бок. Жыхары краіны адзін за адным атрымлівалі розныя сігналы паветранай трывогі з-за магчымай прысутнасці дрона на тэрыторыі Літвы.
Гэта не першы інцыдэнт у паветры нашых суседзяў, калі беларускі бок папярэджвае іх пра патэнцыйную пагрозу. Так ужо было ў верасні 2025-га, калі сігналы па гарачай лініі атрымалі польскія і літоўскія вайскоўцы. У маі 2026-га Мінск зноў папярэдзіў Вільнюс, а таксама Рыгу і Талін пра магчымы ўлёт у іх паветраную прастору беспілотніка.
Паказальна, што ў ноч на 11 лістапада (дрон праляцеў і над нашай тэрыторыяй — над Жлобінам https://charter97.org/ru/news/2026/8/26/696191/). І, здаецца, мясцовых жыхароў пра сваё набліжэнне папярэдзіў ён сам: з месца падзеі мясцовыя дзеляцца, што гук працы рухавіка дрона чула палова горада.
А ў ноч з 9 на 10 лістапада гук пралёту беспілотніка чулі на Віцебшчыне. Паводле непацверджанай інфармацыі, ён мог упасці ў адной з вёсак Лёзненскага раёна.
Пралёты ў «мірным» небе Беларусі сталі руцінай. Часам яны падаюць, час ад часу — у межах гарадоў і вёсак. Але простых беларусаў, у адрозненне ад палякаў і літоўцаў, улады загадзя папярэджваць пра набліжэнне дронаў не лічаць патрэбным.
Для суайчыннікаў у сілавікоў пакуль ёсць толькі інструкцыя на выпадак, калі незваны госць ужо ўпаў. Як заўважыў гомельскі «Флагшток», у Ельскім раёне мясцовая раёнка апублікавала рэкамендацыі МУС.
І галоўным чынам яны прызваны палегчыць жыццё сілавікам. Якіх, падаецца, больш за ўсё хвалюе, каб чалавек, які выявіў дрон, не пачаў яго фатаграфаваць. Нам жа застаецца нагадаць пра рэкамендацыі з Украіны пра тое, як сябе паводзіць у выпадку набліжэння беспілотніка.
Кірыл Іваноў, «Салідарнасць»