Назвалі самую дарагую кватэру, прададзеную ў Мінску ў кастрычніку
- 12.11.2026, 10:38
Яна ўстанавіла рэкорд і па кошце квадратнага метра.
Самай дарогай кватэрай, якую ў кастрычніку прадалі ў Мінску, была трохпакаёвая кватэра ў жылым комплексе DEPO. Яе плошча — каля 90 м². Аб’ект размешчаны ў доме 2023 года пабудовы. Пакупнік заплаціў за яго каля 740 000 долараў, піша wikidom.by.
«Больш за тое, менавіта гэтая кватэра ўстанавіла яшчэ адзін рэкорд: тут жа быў зафіксаваны самы дарагі квадратны метр месяца — каля 8300 долараў», — дадае wikidom.by.
Пры гэтым самай вялікай па плошчы аказалася чатырохпакаёвая кватэра на вуліцы Якуба Коласа. Яе плошча складае ўнушальныя 168 м². Аб’ект размешчаны ў доме 2008 года пабудовы.
Нагадаем, аналітыкі wikidom.by таксама расказалі пра тое, што «кастрычнік атрымаўся даволі супярэчлівым».
«Пакупніцкая актыўнасць прыкметна прасела. Пры гэтым цэны працягнулі рух уверх і ўстанавілі новы гістарычны рэкорд. Атрымліваецца даволі незвычайная карціна: пакупнікоў становіцца менш, але гэта пакуль зусім не перашкаджае кошту квадратнага метра абнаўляць максімумы. Наколькі доўга рынак зможа захоўваць такую дынаміку і ці не стане кастрычнік пачаткам больш працяглага астуджэння попыту — пакажуць бліжэйшыя месяцы», — паведамлялі аналітыкі рынку нерухомасці.