Супрацоўнікам беларускіх кампаній забаранілі карыстацца Claude нават за мяжой
- 12.11.2026, 11:08
Абмежаванні дзейнічаюць незалежна ад месцазнаходжання супрацоўніка.
Кампанія Anthropic удакладніла абмежаванні доступу да Claude: супрацоўнікі кампаній, зарэгістраваных у Беларусі або са штаб-кватэрай у Беларусі, з 12 лістапада не могуць карыстацца сэрвісам у працоўных мэтах незалежна ад таго, дзе яны знаходзяцца.
Гэта вынікае з абноўленых правілаў Anthropic. Беларусь не ўваходзіць у спіс краін, дзе Anthropic дазваляе доступ да сваіх прадуктаў. Таму, напрыклад, распрацоўшчык, які жыве ў Польшчы ці Літве, але працуе на кампанію, зарэгістраваную ў Беларусі, не можа карыстацца Claude у межах гэтай працы.
Абмежаванні таксама закранаюць кампаніі, што знаходзяцца ў дазволеных краінах, калі яны наўпрост або ўскосна пераважна належаць асобам ці арганізацыям з Беларусі і іншых рэгіёнаў, якія Anthropic не падтрымлівае, або кантралююцца імі.
Правілы распаўсюджваюцца на Claude.ai, Claude Code, Cowork, API і мадэлі Claude праз воблачныя платформы і аўтарызаваных пасярэднікаў. Як будуць правяраць сувязі карыстальнікаў з такімі кампаніямі, Anthropic не ўдакладняе.