BE RU EN

Што далей?

  • Уладзімір Фясенка
  • 12.11.2026, 11:58

Галоўная праблема — у пазіцыі самога Пуціна.

Перамовы ў Абу-Дабі завершыліся. Галоўны вынік — удалося дамовіцца пра маштабны абмен палоннымі.

Як і чакалася, іншых вынікаў няма. Не вызначаная нават дата далейшых перамоў. Вельмі паказальна, што перамовы скончыліся раней, чым планавалася.

Заявы прадстаўнікоў ЗША і Украіны пра канструктыўны і змястоўны характар перамоў былі прызваны хутчэй захаваць умоўна пазітыўную атмасферу і перспектывы перамоўнага працэсу, а таксама згладзіць праблемныя аспекты сітуацыі, якая склалася. Аднак выраз твараў удзельнікаў перамоў сведчыў пра іншае ўспрыманне таго, што адбываецца.

Па ўсіх ключавых тэмах, якія абмяркоўваліся ў Абу-Дабі, перамовы альбо зайшлі ў тупік, альбо выявіліся істотныя, а то і прынцыповыя разыходжанні ў пазіцыях бакоў.

Гэта датычыць найперш галоўнай тэмы цяперашніх перамоў — гарантый бяспекі для Украіны і Расіі ў пасляваенны перыяд, а таксама новай архітэктуры еўрапейскай бяспекі. Адкрыта пагардлівае стаўленне кіраўніка расійскай дэлегацыі Уладзіміра Мядзінскага да еўрапейскіх прадстаўнікоў як удзельнікаў перамоў само па сабе стала дыягназам стану перамоўнага працэсу і стаўлення Расіі да перамоў пра архітэктуру еўрапейскай бяспекі. Як абмяркоўваць гэтае пытанне без еўрапейцаў? Але Крэмль цікавіць толькі навязванне ўласнай пазіцыі.

Адкрыта пагардлівае стаўленне Уладзіміра Мядзінскага да еўрапейскіх прадстаўнікоў

Не зусім ясна, ці абмяркоўвалася тэрытарыяльнае пытанне (інфармацыя на гэты конт супярэчлівая). Аднак само па сабе яно з'яўляецца тупіковым, якія б кампрамісныя варыянты ні прапаноўвалі амерыканцы. Расіяне анексавалі пяць украінскіх рэгіёнаў і патрабуюць афіцыйнага прызнання сваіх тэрытарыяльных прэтэнзій. Для Украіны гэта катэгарычна непрымальна. Украінскі бок гатовы згадзіцца на спыненне агню па лініі фронту, але без афіцыйнага і юрыдычнага прызнання расійскага статусу якіх-небудзь украінскіх тэрыторый, акупаваных або нават анексаваных Расіяй. Кампроміс у гэтым пытанні немагчымы нават тэарэтычна.

Фактычна адзіны на дадзены момант прадметны вынік — гэта дамоўленасць аб маштабным абмене палоннымі. Абмяркоўваюцца фарматы «1000 на 1000» або нават «1500 на 1500». Канчатковыя параметры і рэалізацыя гэтага абмену яшчэ наперадзе, але менавіта тут вымалёўваецца канкрэтны гуманітарны вынік.

Гэтым пытаннем непасрэдна займаўся Кірыл Буданаў; менавіта ён, згодна з паведамленнямі ў СМІ, узгадняў дэталі абмену наўпрост з прадстаўнікамі расійскіх спецслужбаў. Такім чынам, адзіны на дадзены момант практычны вынік перамоў дасягнуты менавіта на тым напрамку, за які адказваў Буданаў.

Тут я хацеў бы закрануць далікатнае, але надзвычай важнае пытанне — статус і функцыі нашых перамоўшчыкаў. Калі быў абвешчаны склад нашай дэлегацыі і стала вядома, што яе ўзначаліць Рустэм Умераў, гэта выклікала хвалю пытанняў: чаму на чале перамоўнай групы не Кірыл Буданаў? Бо ў яго больш высокі службовы статус — ён кіраўнік Офіса Прэзідэнта Украіны, валодае багатым досведам вядзення перамоў і ўменнем дасягаць вынікаў у ходзе перамоўнага працэсу. Таму, магчыма, ёсць сэнс павысіць яго статус і ўзмацніць яго ролю ў нашай перамоўнай групе. У прыватнасці, гэта магло б паспрыяць змене танальнасці і тэматыкі будучых перамоў.

Вядома, галоўная праблема — у пазіцыі самога Пуціна. Але нават з тактычнага пункту гледжання нам неабходна змяняць цяперашнія тэндэнцыі ў перамовах, пераносіць іх змест і характар у больш прагматычнае і прыкладное рэчышча.

Уладзімір Фясенка, «Фэйсбук»

Апошнія навіны