Politico: Крэмль панікуе з-за кладбішчаў у Расіі
- 12.11.2026, 12:19
Ад насельніцтва ўсё больш жорстка ўтойваюць сапраўдныя страты ў вайне.
У Расіі мужчыну прысудзілі да 14 гадоў калоніі за фота надмагілляў салдат, загінулых ва Украіне. Крэмль усё больш жорстка ўтойвае сапраўдныя страты вайны.
Пра гэта паведамляе Politico.
У верасні суд у Яраслаўлі прысудзіў мужчыну сярэдняга ўзросту да 14 гадоў калоніі. Ён фатаграфаваў надмагіллі расійскіх вайскоўцаў, якія загінулі ў вайне ва Украіне.
Крэмль упарта маўчыць пра рэальныя страты на полі бою. Таму незалежныя журналісты і актывісты па фота магіл самі падлічваюць загінулых. Паводле выдання, іх лічбы значна большыя за тыя, якія Масква гатова прызнаць.
«Усё больш магіл — гэта, верагодна, тое, што вельмі непакоіць уладу, бо гэта нагадвае ёй пра правал пуцінскай вайны. Загінула занадта шмат людзей», — заявіў Ян Берэндс з нямецкага Цэнтра сучаснай гісторыі імя Ляйбніца.
У апошнія месяцы расійскія ўлады папярэджваюць, што за фота ваенных магіл могуць даць пажыццёвае зняволенне. Кладбішча патрулюе Федэральная служба бяспекі. З лета па ўсёй Расіі ўжо арыштавалі некалькі дзесяткаў чалавек, адзначаюць журналісты.
Афіцыйнае абвінавачанне ў такіх закрытых працэсах — дзяржаўная здрада, а менавіта «супрацоўніцтва з украінскімі спецслужбамі».
Колькі расіян загінула на вайне
Незалежнае выданне «Медыязона» разам з расійскай службай BBC вядзе базу даных Russia 200. У ёй сабраныя імёны амаль 283 тысячы загінулых салдат і падрабязнасці абставін іх смерці.
«Медыязона» абапіраецца на адкрытыя крыніцы — публікацыі ў сацсетках і паведамленні мясцовых медыя. Але ў выдання няма рэсурсаў, каб дакументаваць кожнага загінулага на фронце.
Іншыя арганізацыі называюць значна большыя лічбы. Паводле звестак МЗС Вялікабрытаніі і нідэрландскай выведкі, Расія страціла больш за паўмільёна салдат. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі у ліпені заявіў, што ў вайне ва Украіне ўжо загінула 700 тысяч расіян.
Нават самыя сціплыя ацэнкі страт Расіі значна перавышаюць страты СССР у Афганістане. Гэтая вайна цягнулася амаль дзесяць гадоў, пачынаючы з 1979 года. Як пішуць СМІ, Крэмль і тады спрабаваў схаваць сапраўдную цану вайны.
«Нельга было ніяк пазначыць магілу так, каб было зразумела: чалавек загінуў на вайне. Некаторых сваякоў нават прымушалі праводзіць пахаванні ўначы, каб не прыцягваць увагі», — распавядае Джэф Джонс, прафесар гісторыі Універсітэта Паўночнай Караліны.
Сваякам загінулых у Афганістане забаранялі ўказваць на надмагіллях месца гібелі. Пазней ім дазволілі пісаць «героічна загінуў падчас выканання міжнароднага абавязку», але словы «загінуў у Афганістане» так і засталіся пад забаронай.
Як Крэмль хавае лічбы страт
У верасні 2022 года, праз паўгода пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання, міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу заявіў пра 5937 загінулых расійскіх салдат. З таго часу афіцыйных паведамленняў пра страты практычна не было.
Калі «спецыяльная ваенная аперацыя» (так у РФ афіцыйна называюць вайну супраць Украіны) ператварылася ў зацягнуты канфлікт, Масква ўзмацніла ўтойванне лічбаў. Яна перакрывала кожны новы канал, якім карысталіся тыя, хто дакументаваў страты.
У красавіку 2024 года афіцыйны прадстаўнік Крэмля нагадаў журналістам, што інфармацыя пра страты з’яўляецца «дзяржаўнай таямніцай». Паведамленне пра іх, паводле яго слоў, застаецца «выключнай прэрагатывай Міністэрства абароны».
Пазней у тым жа годзе Расстат, афіцыйны статыстычны орган Расіі, закрыў доступ да даных пра звышсмертнасць у краіне. Гэтыя даныя былі адкрытыя з 1990-х гадоў.