Савет дырэктараў Nvidia вырашае лёс генеральнага дырэктара Хуанга з-за новага скандалу
- 12.11.2026, 13:42
Акцыі кампаніі пасля гэтай навіны ўпалі больш чым на 8%.
Савет дырэктараў кампаніі Nvidia сабраўся на пасяджэнне ў сераду ўвечары для абмеркавання магчымага адстаранення генеральнага дырэктара Джэнсэна Хуанга ад пасады, паведаміла Reuters (пераклад — The Moscow Times).
Акцыі Nvidia ўпалі больш чым на 8% на пазабіржавых таргах пасля таго, як газета Wall Street Journal упершыню паведаміла, што кампанія рыхтуецца звольніць Хуанга. Калі котіроўкі не адскочаць на бліжэйшай сесіі, падзенне рыначнай вартасці Nvidia складзе каля $600 мільярдаў з моманту абвяшчэння саветам дырэктараў пра пачатак расследавання ў дачыненні да сувязяў генеральнага дырэктара з прадпрымальніцай Эліс Хуанг, падазраванай у шпіянажы на карысць Кітая.
Паводле статуту Nvidia, Хуанг можа быць зняты з пасады большасцю галасоў савета дырэктараў з 11 чалавек, «пры наяўнасці або адсутнасці падстаў».
Nvidia не дала неадкладнага адказу на просьбу пракаментаваць пасяджэнне савета дырэктараў, якое працягвалася да позняй ночы.
«Рынак пачынае ўкладаць у цану акцый Nvidia адстаўку яе сузаснавальніка як верагодны сцэнар, а не як рызыку зніжэння, — сказала Арміна Розэнберг з Minotaur Capital, якая валодае акцыямі Nvidia. — Страта Джэнсэна стала б сапраўдным ударам».
НЯМА ВІДАВОЧНАГА ПЕРАЕМНІКА
Патэнцыйны сыход Хуанга можа пакінуць вакуум у кіраўніцтве Nvidia: будучы адным з заснавальнікаў кампаніі, ён узначальваў яе больш за тры дзесяцігоддзі, ператварыўшы ў вядучага пастаўшчыка мікрачыпаў, што знаходзіцца ў цэнтры сусветнага ўздыму ШІ і тэхналагічнага саперніцтва ЗША і Кітая.
У 63-гадовага Хуанга, які валодае прыкладна 3,6% акцый Nvidia, няма відавочнага пераемніка. Ён кіруе тэхгігантам з дапамогай нетыпова плоскай карпаратыўнай структуры, у якой дзясяткі менеджараў наўпрост падпарадкоўваюцца яму, што падкрэслівае ступень яго асабістага кантролю над кампаніяй.
«Джэнсен Хуанг — рок-зорка галіны. Ён вядомы сваёй шчырай манерай, яго імя стала сінонімам брэнда Nvidia, і замяніць такога кіраўніка вельмі складана», — сказала заснавальніца даследчай кампаніі Floodlines Research у Сіднэі Ганна Ву.
Страхі ў сувязі з гэтым сталі адной з прычын распrodажу акцый тэхгіганта.
Інфармацыйнае агенцтва Блумберг у сераду паведаміла са спасылкай на крыніцу, знаёмую з пытаннем, што савет дырэктараў Nvidia працуе з вонкавай фірмай над пошукам патэнцыйных кандыдатаў на замену Хуангу.
Рынкавыя здагадкі адносна таго, хто можа ўзначаліць Nvidia у выпадку сыходу Хуана, у сераду вар'іраваліся ад гендырэктара канкурэнтнага вытворцы чыпаў Arm Рэнэ Хааса і ветэрана Nvidia Джэфа Фішэра, які прапрацаваў у кампаніі 32 гады, да аднаго з двух дзяцей Хуана, якія таксама займаюць кіраўнічыя пасады ў Nvidia.
Аднак многія аналітыкі і інвестары лічаць, што найбольш верагоднымі кандыдатамі на гэтую пасаду, прынамсі ў бліжэйшай перспектыве, з'яўляюцца двое: адзін з ключавых інжынераў Nvidia Іэн Бак і фінансавы дырэктар кампаніі Колет Кресс.
Паводле слоў Розэнберг з Minotaur Capital, фінансавы дырэктар Колетт Кресс, якая займае гэтую пасаду ўжо больш за дзесяць гадоў, была б натуральным выбарам на ролю часовага выканаўцы абавязкаў дырэктара, аднак больш важнае пытанне ў тым, хто ўзначаліць тэхналагічную стратэгію Nvidia ў доўгатэрміновай перспектыве.
На платформе ставак на прагнозы Polymarket ацэнка верагоднасці сыходу Хуана або яго змяшчэння да канца года вырасла да 88%. Галоўным прэтэндэнтам на яго месца ўдзельнікі рынку лічаць Іэна Бака, кіраўніка падраздзялення Nvidia па працы з кліентамі цэнтраў апрацоўкі дадзеных.
Тым часам крызіс, звязаны са скандалам вакол Хуанга, разгарэўся ўсяго за некалькі дзён да квартальнай справаздачы Nvidia — публікацыя фінансавых вынікаў і прагнозаў кампаніі запланавана на 17 лістапада.
Выданне The New York Times раней у сераду паведаміла са спасылкай на пяць крыніц, што ў Хуана таксама была пазашлюбная сувязь з прадстаўніцай менеджменту Nvidia, якая знаходзілася ў яго ў прамым падпарадкаванні. Паводле дадзеных выдання, гаворка ідзе пра Кімберлі Паўэл, віцэ-прэзідэнта Nvidia па напрамку аховы здароўя.
Nvidia і Паўэл не адказалі неадкладна на запыты аб каментары. Reuters не змагло аператыўна пацвердзіць гэтую інфармацыю.