У Гомелі рыхтуюцца да атакі беспілотнікаў на ЦЭЦ
- 12.11.2026, 14:13
У вучэннях узялі ўдзел 96 чалавек.
11 лістапада ў Гомелі на ЦЭЦ-1 прайшлі вучэнні па ліквідацыі наступстваў падзення БПЛА, паведамляе РУП «Гомельэнерга».
У трэніроўцы ўзялі ўдзел 96 чалавек – работнікі ЦЭЦ і пасрэднікі, замацаваныя за кожным працоўным месцам. Вучэннямі кіраваў галоўны інжынер ЦЭЦ Канстанцін Вершылавіч.
Паводле легенды вучэнняў, у выніку падзення БПЛА на тэрыторыі станцыі былі пашкоджаныя элементы газавага абсталявання і ўзнікла ўзгаранне. Адзін з работнікаў апынуўся заблакаваным абломкамі канструкцыі.
Начальнік змены выклікаў падраздзяленні Гомельскага гарадскога раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і хуткую дапамогу, арганізаваў разбор электрычнай схемы і зазямленне кабеля.
Вызваліць пацярпелага ўласнымі сіламі персанал станцыі не змог – гэта зрабілі выратавальнікі.
Уцечку газу ліквідавалі і аднавілі рэжым цеплазабеспячэння.
«Як адзначыў кіраўнік трэніроўкі, мэты мерапрыемства былі дасягнутыя: аператыўны персанал прадэманстраваў практычныя навыкі ацэнкі абстаноўкі, арганізацыі пераключэнняў і зладжанасці дзеянняў пры ліквідацыі аварыйных сітуацый, веды па выкарыстанні першасных сродкаў пажаратушэння, а таксама ўзаемадзеянне з падраздзяленнямі выратавальнікаў і хуткай медыцынскай дапамогі», – гаворыцца ў паведамленні «Гомельэнерга».
Вучэнні праходзілі на фоне ўсё больш частых залётаў беспілотнікаў у паветраную прастору Беларусі. Так, шмат дронаў лятала над Беларуссю 10–11 лістапада, яны даляталі да Віцебскай вобласці.
У кастрычніку паветраную прастору Беларусі расійскія дроны парушалі як мінімум 24 разы – найбольш за ўвесь год.
Як паведамляў «Флагшток», у лютым 2025 года ў выніку падзення беспілотніка была пашкоджаная адна з высокавольтных ліній Мазырскай ЦЭЦ, у выніку чаго адключалася цеплазабеспячэнне.