Добрая навіна для Беларусі
- Вячаслаў Каростэнь
- 12.11.2026, 14:33
Арменія паказала прыклад.
Чарговае пасяджэнне Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, якое адбылося ў Маскве 11 лістапада, было б нічым не прыкметнае, калі б не рашэнне па Арменіі. Паўднёвакаўказскую краіну пакаралі за парушэнне статута арганізацыі, і ў гэтым можна ўбачыць важны сімвалізм.
У Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) Ерэван значыцца чыста для галачкі ўжо амаль тры гады. У лютым 2024-га, паскардзіўшыся на бяздзеянне саюзнікаў падчас канфлікту з Азербайджанам вакол Нагорнага Карабаха, кіраўніцтва краіны замарозіла свой удзел у арганізацыі. І неадкладна спыніла прысутнасць на яе пасяджэннях.
2 чэрвеня 2024-га прэм’ер-міністр Нікол Пашыньян увогуле заявіў пра магчымы выхад Арменіі з блока.
Ад таго часу мінула нямала часу, і ў Ерэване яго дарма не гублялі. З аднаго боку, там спынілі плаціць узносы ў АДКБ — тым самым парушыўшы адзін з базавых пунктаў статута. З другога — адкрыта ўзялі курс на цеснае супрацоўніцтва з Еўрасаюзам.
І першае, і другое дэ-факта было ўхвалена армянскім народам на парламенцкіх выбарах у чэрвені 2026-га. Пераканаўчую перамогу тады атрымала партыя Пашыняна «Грамадзянскі дагавор». Прарасійская апазіцыя засталася ў меншасці. На пераможнай прэс-канферэнцыі кіраўнік армянскага ўрада заявіў, што краіна працягне збліжэнне з ЕС.
Злыснаснага неплацельшчыка пажурылі
Больш за два гады не плаціць узносы — за такое дэманстратыўнае ўхіленне ад абавязацельстваў жорсткія санкцыі прадугледжаныя ў любым аб’яднанні. Аднак у АДКБ, якая пазіцыянуе сябе як «альтэрнатыву НАТА», правілы аказаліся на дзіва ліберальнымі.
Доўгі час у арганізацыі проста заплюшчвалі вочы на дрэнныя паводзіны аднаго з удзельнікаў. І толькі цяпер, на саміце 11 лістапада, злыснаснага неплацельшчыка вырашылі крыху пажурыць — пазбавілі права голасу на пасяджэннях, у якіх ён і так не ўдзельнічае.
Паказальна, што разбор «персанальнай справы» армянскага даўжніка ў прамой трансляцыі саміту не паказалі. Што казалі, як галасавалі — усё гэта засталося за кадрам.
Нават ахвотны павучаць Пашыньяна Аляксандр Лукашэнка армянскае пытанне ў сваім выступленні не згадаў, прачытаўшы з паперкі традыцыйныя прапагандысцкія наратывы пра «мілітарызацыю Захаду» і «правільную пазіцыю Расіі» па ўрэгуляванні ва Украіне.
Пра пазбаўленне Арменіі права голасу каротка паведаміў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.
«Тэма закраналася, — сказаў ён. — Было прынята рашэнне. У сувязі з тым, што Арменія ўжо некалькі гадоў не выконвала свае абавязацельствы, кіруючыся статутам арганізацыі, было прапанавана і вырашана пазбавіць Арменію права голасу, а таксама права прызначаць сваіх прадстаўнікоў на адказныя пасады ў АДКБ».
Пры гэтым генеральны сакратар арганізацыі Таалатбек Масадыкаў паспяшаўся запэўніць на кароткім брыфінгу, што «пытанне аб выключэнні Арменіі з АДКБ не ўзнімалася». І дадаў, што Ерэван, «як толькі вырашыць пагасіць запазычанасць па сваіх узносах, можа быць адноўлены як у плане накіравання сваіх супрацоўнікаў, так і ў плане ўдзелу ў працы Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы».
«Нашы інтарэсы ў дачыненні да АДКБ вычарпаныя»
Пра тое, што гара народзіць мыш, было вядома загадзя. Прадстаўнікі краін альянсу — у асноўным, вядома, расійскія — анансавалі менавіта такую рэстрыкцыю адносна Арменіі. Ацаніўшы пагрозы, Пашыньян фактычна ад іх адмахнуўся. «Я хачу, каб мы раз і назаўжды зафіксавалі: нашы інтарэсы ў дачыненні да АДКБ вычарпаныя. Мы больш не зацікаўленыя ў АДКБ», — заявіў прэм’ер. І замест Масквы адправіўся ў Турцыю — на 31-ю Канферэнцыю ААН па змяненні клімату.
Сваёй пагардай да АДКБ Ерэван транслуе знешняму свету прынамсі два пасланні.
Па-першае, гэта ацэнка самой арганізацыі, якая не толькі не прыйшла на выручку Арменіі ў карабахскім канфлікце, але і ўвогуле незразумела, дзеля чаго існуе. Абарона? Ад каго? Хто пагражае, напрыклад, Казахстану? Калектыўная? Ці можна так казаць пра АДКБ, якая створаная ў 1992 годзе, але за траціну стагоддзя змагла далучыць да сябе ўсяго шэсць постсавецкіх дзяржаў?
Пры гэтым адкрытым застаецца пытанне, наколькі многа ў таварышах згоддзя. Напрыклад, Таджыкістан і Кыргызстан, будучы саюзнікамі па АДКБ, многія гады не маглі вырашыць канфлікт на супольнай мяжы — даходзіла да баявых сутыкненняў з забітымі і параненымі. А РФ вось ваюе супраць Украіны, і рэгулярна ЗСУ атакуюць расійскую тэрыторыю беспілотнікамі, а то і ўварваюцца ва ўладанні агрэсара дыверсійнымі групамі і цэлымі падраздзяленнямі. І што ж АДКБ? Нічога. Краіны блока ў лепшым разе трактуюць вайну як унутраную справу Расіі.
Па-другое, Арменія, відавочна, гэтай самай Расіі проста не баіцца. Асцерагаецца, безумоўна: Пашыньян праводзіць сустрэчы з Уладзімірам Пуціным, краіна застаецца членам ЕАЭС і СНД… Пры гэтым не праглядаецца ніякай ўгодніцкай падпарадкаванасці (не тое што Беларусь).
Асабліва гэта праявілася падчас летніх выбараў у парламент. Паводле свайго звычаю Крамль тады бударажыў ваду, прасоўваючы зручных для сябе кандыдатаў, дзейная ўлада з «пятай калоннай» асабліва не цырымонілася, а ў адказ РФ усяго толькі перастала купляць у Арменіі каньяк і мінеральную ваду.
Ну і Пуцін яшчэ разам з Лукашэнкам не павіншавалі Пашыньяна з перамогай. Той, відаць, так пакрыўдзіўся, што хлябнуў з гора зэканомленага «Арарата».
Знак для Беларусі
Прыклад Арменіі паказвае, што можна доўга быць у арбіце Масквы, потым пачаць выхад з гэтай арбіты і нічога, акрамя незадаволенага бурчання, у адказ не атрымаць. Гэта важна зафіксаваць, ацэньваючы дэмарш Ерэвана менавіта з беларускай званіцы.
Вядома, Беларусь — не Арменія, і ў вачах Пуціна гэта розныя геапалітычныя каштоўнасці. Паўднёвы Каўказ — важны рэгіён для Крамля, які яму хочацца кантраляваць, але дзеля якога неабавязкова пачынаць жорсткую канфрантацыю. Так, у 2008-м расійская армія ўварвалася ў Грузію, але, зноў-такі, далей акупацыі Абхазіі і Паўднёвай Асеціі справа не дайшла ні тады, ні пазней.
Беларусь (як і, вядома, Украіна) — зусім іншая гісторыя. Гэта сакральныя тэрыторыі для расійскіх імперцаў, якія лічаць іх сваімі ў межах міфа пра «трыадзінны народ». Дзеля гэтых тэрыторый можна і павыяваць, што мы і назіраем ужо шмат гадоў на ўкраінскай зямлі.
Аднак усё ідзе да таго, што сваю вайну супраць Украіны Пуцін не выйграе. Ягоная «другая армія свету» безнадзейна ўвязла на Данбасе, а замест пераможнага марша ў Запарожскай вобласці нарадзіла толькі прыніжальны мем пра Малую Токмачку. У цяперашняй патовай сітуацыі РФ спрабуе «замарозіць» праціўніка, атакуючы з паветра гарады з мірным насельніцтвам, але нічога, акрамя садысцкай асалоды, гэта агрэсару не прыносіць.
Аслабленне Расіі ў выніку вайны — ці не гэта мы назіраем цяпер? Прычым як на ўкраінскіх франтах, так і ў «дружалюбных» арганізацыях кшталту той жа АДКБ. Для Беларусі гэта можна ўспрымаць як знак на перспектыву, у якой краіне нарэшце атрымаецца вырвацца з крэмлёўскіх абцугоў.
Зразумела, гэта адбудзецца ўжо пасля сыходу Лукашэнкі — галоўнага канструктара пачварнай залежнасці Мінска ад Масквы, вернага і шматгадовага васала Крамля, які пад дзяржаўным суверэнітэтам разумее выключна суверэнітэт уласнай улады.
Вячаслаў Каростэнь, «Позірк»