«Белавія» зноў будзе лётаць у Катар
- 12.11.2026, 15:03
Праўда, ёсць нюанс.
«Белавія» з 29 студзеня 2027 года адновіць прамыя чартарныя рэйсы з Мінска ў сталіцу Катара — Доху. Як паведаміла авіякампанія, самалёты будуць вылятаць прыкладна раз у 10–11 дзён, але асобныя авіяквіткі не прадаюцца: набыць месца можна толькі ў складзе турпакета.
Паводле даных Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый, праграма разлічана да канца кастрычніка 2027 года. Туры будуць доўжыцца ад 9 да 12 начэй у залежнасці ад даты вылету. Рэйсы плануюць выконваць на шырокафюзеляжных Airbus A330. Пуцёўкі ўжо прадае тураператар «Інтэрсіці».
У сакавіку 2026 года «Белавія» была вымушана змяніць праграму палётаў у Катар з-за абвастрэння сітуацыі на Блізкім Усходзе і закрыцця паветранай прасторы. Беларускія турысты тады не маглі вярнуцца дадому, і толькі 11 сакавіка перавозчыку ўдалося вывезці з Дохі 191 пасажыра.