BE RU EN

Ці здолее Беларусь стварыць сенсацыю і перамагчы Сан-Марына?

  • 12.11.2026, 20:53

Віктар Ганчарэнка заявіў, што сан-марынцы могуць паднесці сюрпрыз.

Сёння, 12 лістапада, увага нашых аматараў футболу будзе прыкавана да Серравале, дзе зборная Беларусі правядзе паядынак групавога этапу Лігі нацый УЕФА супраць каманды Сан-Марына.

Пачатак матчу — а 22:45 па Мінску.

У першым крузе беларусы ўпэўнена перайгралі сан-марынцаў у Будапешце з сухім лікам 4:0.

Галоўны трэнер беларусаў Віктар Ганчарэнка адзначыў, што, хоць футбалісты Сан-Марына прайгралі ўсе паядынкі, яны могуць паднесці сюрпрыз любому суперніку, таму ніякай расслабленасці быць не можа — трэба гуляць на поўную моц і даказваць сваю перавагу на полі.

Заключны матч гэтага сезона беларускія футбалісты правядуць 15 лістапада ў Будапешце з лідарам групы — камандай Албаніі. У першым крузе ў Тыране албанцы былі мацнейшыя — 2:0. Акрамя таго, зборная Беларусі двойчы згуляла з фінамі: у Хельсінкі супернікі пераможцу не выявілі — 0:0, а ў намінальна хатнім паядынку ў венгерскай сталіцы наша каманда выйграла з мінімальнай перавагай — 1:0. Турнірнае становішча пасля чатырох гульнявых дзён: Албанія — 9 ачкоў, Беларусь — 7, Фінляндыя — 7, Сан-Марына — 0.

Групавыя этапы ва ўсіх дывізіёнах Лігі нацый завершацца 17 лістапада. Вясной 2027 года барацьбу за ўзнагароды працягнуць каманды, якія занялі 1–2-я месцы ў чатырох квартэтах лігі A. Чвэрцьфіналы адбудуцца ў сакавіку, затым чатыры лепшыя зборныя выйдуць у фінальную стадыю, якая пройдзе ў чэрвені.

Пераможцы лігі B выйдуць у лігу A, чатыры лепшыя каманды лігі C перайдуць у лігу B. Акрамя таго, у сувязі са змяненнем фармату турніру ўсе каманды лігі D атрымаюць пуцёўкі ў лігу C. Пачынаючы з сезона-2028/29 удзельнікі Лігі нацый УЕФА будуць падзеленыя на тры лігі. У кожным з трох дывізіёнаў A, B, C будзе сфармавана па тры групы з шасці каманд.

Апошнія навіны