BE RU EN

Амаль 90% расіянаў прызналіся, што за апошнія тры гады бралі крэдыты

  • 12.11.2026, 21:10

Грамадзяне РФ павінны банкам і мікрафінансавым арганізацыям каля 20% расійскага ВУП.

Большасць расіянаў (86%) за апошнія тры гады карысталася крэдытамі або хаця б адным іншым відам пазыкі, але пры гэтым 63% жыхароў успрымаюць такія фінансавыя паслугі як крайнюю меру, якой лепш пазбягаць, піша ТАСС са спасылкай на вынікі даследавання Аналітычнага цэнтра ВЦИОМ, праведзенага ў маі–чэрвені 2026 года, перадае The Moscow Times.

Пераважная большасць жыхароў Расіі лічыць дапушчальнай пратэрміноўку выплат па ўзятых абавязацельствах. Для тых, хто ўзяў спажывецкія крэдыты, паказчык склаў 79%, для тых, хто аформіў крэдытныя карты, — 90%. Менш за палову (42%) прызналі, што ўносяць плацяжы дакладна паводле графіка без спазненняў. Пры гэтым грамадскі фон вакол людзей з вялікай запазычанасцю застаецца даволі камфортным, адзначаюць аўтары даследавання. 43% апытаных адчуваюць да даўжнікоў спачуванне, і толькі 26% — асуджэнне.

72% і больш рэспандэнтаў палічылі абгрунтаванымі крэдыты на куплю жылля, лячэнне і адукацыю, але толькі 27% прызналі, што валодаюць добрымі ведамі пра сферу крэдытавання, адзначаюць сацыёлагі.

Паводле даных ЦБ, на 1 ліпеня расійскія грамадзяне былі павінны банкам і мікрафінансавым арганізацыям 44,4 трлн рублёў — каля 20% нацыянальнага ВУП. За апошні год гэтая сума павялічылася на 2,7 трлн рублёў, а з пачатку вайны — на 16,1 трыльёна.

Больш за палову ўсяго доўгу фізасоб складае іпатэка: на куплю жылля расіяне ўзялі 24,6 трлн рублёў; яшчэ 14,3 трлн рублёў прыпадае на спажывецкія пазыкі, у тым ліку на куплю тавараў; 3,1 трлн — на аўтакрэдыты.

На пачатак года, паводле статыстыкі Цэнтрабанка, даўгі мелі 48,5 млн чалавек, або амаль 58% працаздольнага насельніцтва, якое Расстат ацэньвае ў 83,2 млн чалавек.

35,3 млн грамадзян мелі банкаўскія крэдыты, з іх 9,8 млн чалавек — дзве пазыкі, 11,3 мільёна — тры і больш. 7,2 млн, акрамя крэдыту ў банку, узялі пазыкі ў мікрафінансавых кампаніях, 6 млн — былі выключна кліентамі МФА.

Апошнія навіны