У Еўрапарламенце прайшлі дэбаты па Беларусі з удзелам Алеся Бяляцкага
- 12.11.2026, 23:48
На сустрэчы было ўзнята пытанне аб перадачы справы Лукашэнкі ў Міжнародны крымінальны суд.
У Еўрапарламенце прайшлі дэбаты па Беларусі з удзелам праваабаронцы і лаўрэата Нобелеўскай прэміі Алеся Бяляцкага, перадае «Радыё Рацыя».
«Нельга шукаць лёгкіх выхадаў са складаных сітуацый», — заявіў сёння на пасяджэнні дэлегацыі Еўрапейскага парламента па справах Беларусі ў Бруселі лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру і старшыня праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі.
Праваабаронца і былы палітзняволены адзначыў важнасць вызвалення палітвязняў, аднак любыя перамовы і зняцце санкцый мусяць пачынацца толькі пасля сістэмных змен у Беларусі. Пра гэта заявіў Алесь Бяляцкі:
— Я апынуўся на волі разам з сотнямі іншых палітвязняў у выніку фактычнага гандлю — нас абмянялі на калійныя ўгнаенні. Мяне выпусцілі, замест мяне пасадзілі майго адваката, пасадзілі іншага чалавека, і Алеся замянілі на Дзмітрыя. І што? Сутнасць рэжыму не змянілася.
У Еўрапейскім парламенце ўшанавалі памяць Рамана Бандарэнкі хвілінай маўчання.
«Сітуацыя з правамі чалавека застаецца катастрафічнай», — заявіла сёння, адкрываючы пасяджэнне дэлегацыі Еўрапарламента па справах Беларусі, яе старшыня Малгажата Госеўска.
Раней яна нагадала, што менавіта сёння адзначаецца гадавіна трагічнай гібелі Рамана Бандарэнкі:
— Смерць Рамана Бандарэнкі стала сімвалам жорсткасці рэпрэсій Лукашэнкі ў Беларусі і мужнасці людзей, якія выступалі за свабоду, годнасць і дэмакратыю.
Сярод абмяркоўваных тэм — сітуацыя з правамі чалавека, падтрымка грамадзянскай супольнасці і беларускіх дыяспар, перспектывы перадачы справы Аляксандра Лукашэнкі у Міжнародны крымінальны суд, а таксама пытанні рэгіянальнай бяспекі на фоне гібрыдных ваенных дзеянняў Расіі.