BE RU EN

Польшча выцесніла Расію з ключавой пазіцыі ў ААН

  • 13.11.2026, 9:23

Масква ўпершыню за 60 гадоў страціла месца ў кантрольным органе.

Польшча з перавагай усяго ў адзін голас перамагла Расію на выбарах у Аб'яднаную інспекцыйную групу ААН (JIU) — незалежны орган, які кантралюе працу ўстаноў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Такім чынам, Масква ўпершыню за 60 гадоў страціць свайго прадстаўніка ў гэтай структуры, паведамляе RMF24.

Галасаванне адбылося 11 лістапада на Генеральнай Асамблеі ААН. Польшча і Расія прэтэндавалі на адно месца, прадугледжанае для групы усходнееўрапейскіх дзяржаў. Паводле даных польскага МЗС, кандыдатуру Варшавы падтрымалі 95 краін.

«Канкурэнцыя была вельмі жорсткай, мы перамаглі з перавагай у адзін голас», — заявіў пастаянны прадстаўнік Польшчы пры ААН Кшыштаф Шчэрскі.

Ён падкрэсліў, што Польшча вяртаецца ў інспекцыйную групу пасля больш як 20-гадовага перапынку, тады як Расія страчвае месца, якое прадстаўнікі СССР, а затым РФ займалі з моманту стварэння структуры ў 1966 годзе.

«Гэта паказвае, што ААН — свайго кшталту глабальная дэмакратыя, у якой кожны голас мае значэнне», — адзначыў польскі дыпламат.

Прадстаўніком краіны ў інспекцыйнай групе стане Якуб Хмелевскі. Яго пяцігадовы тэрмін паўнамоцтваў пачнецца ў 2028 годзе і завершыцца ў 2032-м.

Аб'яднаная інспекцыйная група ААН існуе з 1966 года і складаецца з 11 інспектараў. Гэта адзіны незалежны орган вонкавага нагляду, паўнамоцтвы якога распаўсюджваюцца на ўсю сістэму ААН. Ён праводзіць праверкі і расследаванні, ацэньвае эфектыўнасць працы ўстаноў арганізацыі і распрацоўвае рэкамендацыі па паляпшэнні іх дзейнасці.

Апошнія навіны