Рышы Сунак: Брытанія павінна быць гатовая нанесці ўдары па вайсковых базах Расіі ў Арктыцы
- 15.11.2026, 7:10
Экс-прэм’ер заклікаў стрымліваць РФ на Крайняй Поўначы.
Вялікабрытаніі неабходна паказаць, што Расія не зможа ўсталяваць кантроль над Арктыкай, бо гэты рэгіён мае ключавое значэнне для бяспекі Захаду. З такой думкай выступіў былы брытанскі прэм’ер-міністр Рышы Сунак у артыкуле для The Sunday Times.
Паводле яго слоў, небяспечна спадзявацца, што пагрозы бяспецы Брытаніі і ўсёй Еўропы ў бліжэйшы час аслабнуць, і асабліва яскрава гэта бачна на прыкладзе Арктыкі. «Яна цяплее ў чатыры разы хутчэй, чым у сярэднім па свеце, што адкрывае новыя марскія шляхі і абвастрае канкурэнцыю за рэсурсы: лічыцца, што тут сканцэнтравана адпаведна 13 і 30 працэнтаў неразведаных сусветных запасаў нафты і газу. У перыяд з 2023 па 2025 год кітайскія аператары падвоілі колькасць кантэйнерных рэйсаў праз Арктыку. Судны могуць прайсці гэты шлях прыкладна ўдвая хутчэй, чым па традыцыйным маршруце з Кітая ў Еўропу праз Суэцкі канал», — піша Сунак.
Ён падкрэсліў, што Арктыка з’яўляецца выклікам для бяспекі і пагадзіўся з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам у тым, што рэгіён важны для абароны Захаду.
Сунак нагадаў, што Расія даўно сканцэнтравала асноўную частку свайго ядзернага патэнцыялу на Крайняй Поўначы. Раней магчымасці Масквы там абмяжоўваліся прыроднымі ўмовамі, але глабальнае пацяпленне змяняе сітуацыю. «Прэзідэнт Пуцін усё больш актыўна прамацвае глебу, правяраючы заходнюю абарону, каб зразумець, як хутка Масква зможа замацаваць свой уплыў», — адзначыў палітык.
Паводле яго слоў, Балтыйскі і Чарнаморскі флоты Расіі фактычна аказаліся заблакаваныя, у выніку чаго ўзрасла роля Паўночнага флоту, у які Пуцін уклаў велізарныя сродкі. Арктыка, падкрэсліў Сунак, — гэта брамы ў Паўночную Атлантыку, і любая стратэгія НАТА залежыць ад здольнасці кантраляваць гэты рэгіён.
Найбольш важным унёскам Брытаніі ў еўрапейскую бяспеку на бліжэйшыя дзесяць гадоў Сунак назваў стрымліванне Расіі на Крайняй Поўначы. «Гэта адпавядае нашым нацыянальным інтарэсам і таму, чаго ад нас чакаюць саюзнікі — як у Еўропе, так і ў Вашынгтоне», — падсумаваў ён.