BE RU EN

Як Лукашэнка жанчын падмануў

  • 15.11.2026, 10:33

Амаль усё растварылася ў тумане абяцанняў.

Да канца Года жанчыны, якім улады Беларусі абвясцілі 2026-ы, застаецца крыху больш за месяц. Лукашэнка, нагадаем, патрабаваў «зрабіць максімум», каб беларускі яшчэ доўга ўспаміналі гэты год. «Салідарнасць» паглядзела, што насамрэч было зроблена за амаль 11 месяцаў, а што растварылася ў тумане абяцанняў.

Візуальны шэраг

Амаль першым, што зрабілі чыноўнікі ў Год беларускай жанчыны, — размясцілі на вулічных білбордах серыю тэматычных плакатаў з поўным наборам штампаў пра ролю і вобраз жанчыны: шматдзетная сям’я, валошкі і каласы, палі, вышытыя кашулі. На працягу ўсяго года гэтыя сацыяльныя плакаты, з невялікімі варыяцыямі, распаўсюджваюцца па беларускіх гарадах.

А ў лютым праўладны Саюз жанчын зацвердзіў лагатып, які чырвонай (чырвона-зялёнай) ніткай праходзіць праз усе «жаночыя» мерапрыемствы.

У сярэдзіне года атрыбутыку дапоўніў новы мерч ад кіраўніка, прысвечаны Году беларускай жанчыны: з лозунгам «Жанчына — галоўнае!» і… партрэтам Лукашэнкі. Плюс тэматычная паштовая картка, серыя сувенірных і памятных манет — куды ж без іх.

Апошняя міністр

Сімвалічна, што пасля першай жа кадравай ператасоўкі на пачатку 2026 года ў Беларусі знялі адзіную жанчыну-міністра, кіраўніцу Мінпрацы і сацабароны Наталлю Паўлючэнку.

Цяпер на гэтай пасадзе выхадзец з Камітэта дзяржаўнага кантролю РБ Андрэй Лобовіч. А ў цэлым у ўрадзе з паўсотні кіраўнічых пасад толькі 4 займаюць жанчыны.

Акрамя таго, у нашай краіне жанчыны ўзначальваюць толькі 2 з 15 галіновых прафсаюзаў, што ўваходзяць у ФПБ, — і за 2026 год сітуацыя не змянілася да лепшага. А гендэрны разрыў у аплаце працы захоўваецца практычна ва ўсіх сферах.

Падораная кватэра

Менавіта так, у адзіночным ліку. Мінчанка, якая нарадзіла ў жніўні 2026 года, запісала відэазварот: маўляў, вы казалі, народзіце траіх і прасіце, што хочаце, — я прашу жыллё. Праз пару тыдняў сям’і сапраўды далі «трохпакаёўку», што раней была на балансе Упраўлення справамі Лукашэнкі.

Як высветлілася, муж аказаўся супрацоўнікам Дэпартамента аховы, а да сілавікоў у кіраўніка асабліва трапяткое стаўленне. Таму беларусы і беларускі, у тым ліку шматдзетныя, парадаваліся за выкананае абяцанне, але не ад усяго сэрца.

Непрынятыя законы

Нагадаем, у спецыяльным плане ўрада адказнымі за «папулярызацыю ролі жанчыны» прызначылі Мінпрацы і сацабароны. Запланавалі 61 пункт — ад конкурсаў і спаборніцтваў да бізнес-форумаў і прававых ініцыятыў. Але з апошнімі відавочна не склалася.

Яшчэ ў сакавіку ўлады анансавалі новы закон аб ахове працы і скарачэнне спісу прафесій, забароненых для жанчын. А што зрабілі? Раптам аказалася, што гэта не закон, а толькі праект, і калі ён стане рэальнасцю — зусім не зразумела. Дык дзяржава ў асобе Мінпрацы па-ранейшаму, прыкрываючыся клопатам пра рэпрадуктыўнае здароўе жанчын, дыктуе, у якія сферы беларускам шлях закрыты.

Не змяніўся і закон аб дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей. Чыноўнікі прапанавалі прывязаць дапамогі да заработнай платы, Лукашэнка, здаецца, быў не супраць; месяц таму Мінпрацы паведамляла, што «стаіць задача ў аператыўным парадку падрыхтаваць», але ў восеньскай сесіі «парламента» гэтага праекта пакуль няма.

У лепшым выпадку, калі паспеюць «пакласці пад ялінку», падрыхтаваць і прыняць у двух чытаннях, новая норма пачне дзейнічаць з 2027 года. Пры гэтым водпуск па доглядзе за дзіцём так і не будзе залічвацца беларускім жанчынам у страхавы стаж.

Дасюль не прынятыя змены ў Працоўным і Жыллёвым кодэксах, якія планаваліся ў падтрымку жанчын. І, на жаль, дагэтуль не прыняты закон аб хатнім гвалце — яго калісьці «зарубіў» асабіста Лукашэнка, і нават у Год жанчыны да балючай і важнай тэмы вяртацца ніхто не адважыўся.

Усё дзеля дэмаграфіі

Адзін з актыўных удзельнікаў Года жанчыны — Мінздароўя РБ, якое правяло цэлы комплекс мерапрыемстваў. Прышчэпкі ад ВПЧ для дзяўчынак, ранняя прафілактыка анкалогіі, вывучэнне фактараў рызыкі для жанчын, занятых у прамысловасці, выезды гарадскіх медыкаў у «чарнобыльскія» сельскія амбулаторыі — рэчы карысныя і патрэбныя.

Ці вось: цяжарнасць перастала быць проціпаказаннем для кіравання аўтамабілем. Цудоўна. Але чаму для гэтага спатрэбілася чакаць Года жанчыны?

Аднак большая частка праграм ведамства ў гэтым годзе сканцэнтраваная на рэпрадуктыўным здароўі. І калі аснашчэнне жаночых кансультацый абсталяваннем для беларусак з інваліднасцю — гэта крок наперад, то ідэя забараніць аборты ў прыватных медцэнтрах — адкульсьці з пячорнага веку.

Ды і абавязковая праверка запасу яйкаклетак узрадавала далёка не ўсіх жанчын. Як і метадычкі для беларускіх гінеколагаў са скрыптамі, якімі аргументамі пераконваць беларусак захаваць цяжарнасць.

Ці разумеюць чыноўнікі, што так яны слана не прададуць, то-бок нараджальнасць не стымулююць? Пытанне застаецца адкрытым.

Непрошаныя «п’едэсталы»

Але ёсць, ёсць сфера, у якой план Года беларускай жанчыны выканалі і перавыканалі! Гэта сектар маскульту. Грамадская актыўнасць, прапаганда сямейных каштоўнасцяў, конкурсы прыгажосці і ўсё вось гэта. І бабуль ушанавалі, і прадпрымальніц, і лепшых шматдзетных мам, і «Ахоўніцу правапарадку» выбралі, і студэнтак пералічылі.

А яшчэ паставілі, прынамсі, тры помнікі. Лукашэнка ж распарадзіўся «вярнуць вобраз жанчыны-маці на п’едэстал», дык чыноўнікі і кінуліся выконваць. Буквальна.

Надмагільле Году жанчыны ў Нясвіжы, якое як ні выпраўляй, выглядае сумна.

«Беларусь квітнеючая» ў Дзяржынску — як прывітанне з савецкага мінулага.

Вішанька на торце — скульптура «Жанчыне-маці» ў Быхаве, што можа ўзяць першынство за найлепшае адлюстраванне фальшу, безгустоўя і настрою беларусак, якім без пытання зрабілі шмат непатрэбных «падарункаў».

Акрамя таго, у Салігорску адкрылі арт-аб’ект «У імя жанчыны» і мурал з «аўтэнтычнымі вясковымі матывамі», у Гродне з’явіўся мурал «Стальны характар, далікатнае сэрца» — да Дня машынабудаўніка, але нібыта і жанчынам таксама; у Шчомысліцы — цэлая серыя муралаў-партрэтаў.

Словам, менавіта тое, чаго ў Год жанчыны чакалі беларускі (не).

Шмат «не» і праменчык надзеі

Калі пералічваць па пунктах змены для беларусак, значная частка будзе ў графе «не зроблена».

Не стала агульнадаступнай магчымасць аддаць дзіця ў садок да 2 гадоў, каб раней выйсці з дэкрэтнага адпачынку.

І блізка не дасягнула роўных доляў неаплатная хатняя праца.

Не распрацаваныя стымулы для развіцця жаночага прадпрымальніцтва.

Не зменшыўся гендэрны разрыў у заробках, нікуды не падзеліся дыскрымінацыя і харасмент у цэлым шэрагу прафесій.

Шырока разрэкламаваны ў пачатку года праект для жанчын у складанай сітуацыі «Рука дапамогі» аказваецца на справе, як піша дзяржпрэса, «душэўнай размовай» з сенатарамі. Якія менавіта змены адбываюцца з беларускамі пасля юрыдычных кансультацый, сустрэч з псіхолагамі і духоўнымі настаўнікамі, колькі жанчын, напрыклад, справіліся з алкагольнай залежнасцю і вярнулі дзяцей, — не ўдакладняецца.

А пра праект «Кропка апоры» для рэсацыялізацыі асуджаных у публічнай прасторы нічога не паведамляецца з лютага — каму канкрэтна ён дапамог і ці адбываецца наогул?

Затое вядома, што ў месцах пазбаўлення волі на канец кастрычніка знаходзіліся сотні жанчын-палітзняволеных, пры гэтым рэпрэсіі не спыняюцца. Магчыма, светлай кропкай года стане абвешчаная рэжымам Лукашэнкі амністыя з акцэнтам на жанчынах — але ёсць рызыка, што ўлады падмануць і тут.

У сухім астатку — падобна, што мелі рацыю беларускі, якія чакалі ад гэтага года «ў лепшым выпадку нічога».

Апошнія навіны