На шляху да паўстання 1863 года: чаму Францішак Багушэвіч узяў у рукі зброю
- 15.11.2026, 14:01
Адзін учынак, калі не перавярнуў, то дакладна змяніў жыццё будучага класіка.
14 лістапада 1861 года малады Францішак Багушэвіч добраахвотна пакінуў Пецярбургскі ўніверсітэт. Ён правучыўся там усяго каля двух месяцаў, але потым прыняў рашэнне, якое шмат у чым вызначыла ягоны далейшы лёс, піша budzma.org.
Наперадзе былі вяртанне на радзіму, настаўніцтва, удзел у паўстанні 1863–1864 гадоў, цяжкое раненне, вымушаная эміграцыя і амаль два дзесяцігоддзі жыцця на чужыне.
А пазней — літаратурная дзейнасць, якая дазволіла яму ўвайсці ў гісторыю як аднаму з заснавальнікаў беларускай нацыянальнай ідэі.
Францішак Багушэвіч — постаць, якую цяжка ўкласці ў звыклы вобраз кабінетнага літаратара. Калі глядзець на ягоныя партрэты, перад намі паўстае чалавек з доўгімі густымі вусамі, у строгім чорным гарнітуры, з крыху стомленым, задуменным позіркам. У ягоным абліччы ёсць нешта ад еўрапейскага інтэлектуала другой паловы XIX стагоддзя.
Каб зразумець, чаму 14 лістапада 1861 года стала важнай датай у ягонай біяграфіі, варта вярнуцца да вытокаў — у той час, калі будучы класік яшчэ толькі фармаваў свае погляды.
Віленская гімназія і фармаванне светапогляду
Францішак Багушэвіч нарадзіўся 21 сакавіка 1840 года ў фальварку Свіраны Віленскай губерні ў сям’і Казіміра Багушэвіча, выхадца з дробнай шляхты.
Ягонае дзяцінства прайшло ў асяроддзі, дзе шляхецкі побыт суседнічаў з сялянскім жыццём. Гэты кантакт з простымі людзьмі, іх мовай, звычаямі і штодзённымі клопатамі, відаць, пакінуў у свядомасці будучага пісьменніка дастаткова глыбокі след.
Добрую адукацыю ён атрымліваў у Вільні. Разам з малодшым братам Валяр’янам Францішак паступіў у мясцовую гімназію, якую скончыў з адзнакай. Гэта быў час інтэлектуальнага сталення, чытання, знаёмства з гісторыяй краю і фармавання ўласных поглядаў на пабудову грамадства.
Жылі браты даволі сціпла, і менавіта ў гэты перыяд, імаверна, закладваліся тыя перакананні, якія Багушэвіч пранёс праз усё жыццё: імкненне да нацыянальнага вызвалення, непрыманне сацыяльнай няроўнасці і павага да простага чалавека.
Гімназічнае жыццё не было для яго выключна часам атрымання адукацыі. Сярод ягоных сяброў і знаёмых былі маладыя людзі, з якімі пазней ён будзе браць удзел у паўстанні 1863 года.
Такім чынам, шляхецкае паходжанне, адукацыя і непадробная цікавасць да мінулага свайго краю паступова спалучаліся з усведамленнем супярэчнасцяў свайго часу. Малады Багушэвіч быў падданым Расійскага імператара, але настальгаваў па зніклай колішняй Рэчы Паспалітай, дзе жылі яго дзяды-прадзеды.
Пасля заканчэння гімназіі перад маладым чалавекам адкрывалася магчымасць працягнуць адукацыю ў адным з найбуйнейшых універсітэтаў Расійскай імперыі.
І Францішак Багушэвіч абраў сталіцу Расійскай Імперыі — Санкт-Пецярбург. Тады многія выхадцы з шляхецкіх і магнацкіх сем’яў рабілі сабе ў цэлым неблагія кар’еры.
І ў выніку атрымлівалася кур’ёзная сітуацыя: з аднаго боку жыхары былой Рэчы Паспалітай шчыра ненавідзелі імперыю, якая ў іх забрала радзіму, але вымушаныя былі ёй служыць, каб мець належны ўзровень дабрабыту.
Рашэнне пакінуць універсітэт
У Пецярбургскі ўніверсітэт Францішак Багушэвіч паступіў на фізіка-матэматычны факультэт. Аднак студэнцкае жыццё ў сталіцы імперыі аказалася даволі кароткім. Бо ўсяго праз два месяцы пасля пачатку навучання, 14 лістапада 1861 года, ён падаў заяву на адлічэнне, якая была ўхваленая і дазволіла Багушэвічу вярнуцца дамоў.
За гэтым рашэннем стаяла не страта цікавасці да адукацыі і не расчараванне ў навуцы. Пецярбург у той час перажываў перыяд вострага грамадскага напружання.
Студэнцкае асяроддзе было ахопленае пратэснымі настроямі, а ўніверсітэцкія хваляванні нярэдка выходзілі далёка за межы звычайных спрэчак паміж студэнтамі і адміністрацыяй. Сутыкненні, затрыманні, пагроза палітычнага пераследу рабілі становішча маладых людзей дастаткова небяспечным.
Так сталася і ўвосень 1861 года, калі навучэнцы выступілі супраць новых універсітэцкіх правілаў, якія абмяжоўвалі іх правы, і адмовіліся прымаць новыя заліковыя кніжкі.
У выніку супрацьстаянне скончылася крывавай сутычкай на ўніверсітэцкім ганку, якая адбылася 24 кастрычніка і ў якой браў удзел і сам Багушэвіч.
Універсітэцкія хваляванні былі часткай значна шырэйшага крызісу Расійскай імперыі, якая толькі нядаўна перажыла Крымскую вайну і ўступіла ў эпоху рэформаў, але пры гэтым заставалася перапоўненай сацыяльнымі супярэчнасцямі.
Адмена прыгоннага права не зняла напружання, а рэвалюцыйныя настроі сярод інтэлігенцыі і моладзі толькі набіралі моц.
Францішак Багушэвіч прагматычна не жадаў выпрабоўваць лёс і вырашыў добраахвотна пакінуць навучальную ўстанову, пакуль гэта яшчэ можна было зрабіць без непасрэдных негатыўных наступстваў.
Такім чынам, ягонае адлічэнне было не столькі вынікам прымусовага выключэння, колькі свядомым крокам, прадыктаваным абставінамі і асцярогай перад магчымым пераследам.
І ён не прагадаў, бо ўжо ў снежні 1861 года Пецярбургскі ўніверсітэт быў закрыты ў сувязі з хваляваннямі. Багушэвіч да гэтага часу ўжо пакінуў сталіцу і вярнуўся на радзіму.
Ён не атрымаў універсітэцкага дыплома, але, магчыма, набыў значна больш важны досвед, які прыдаўся яму ў будучым — блізкае знаёмства з рэвалюцыйнай дзейнасцю і жыццём у падполлі.
Вяртанне з Пецярбурга супала з пачаткам новага этапу ў ягоным жыцці. Праз два гады Францішак Багушэвіч апынецца ў самым цэнтры падзей, якія стануць адным з найважнейшых выпрабаванняў для ягонага пакалення. Ён возьме ў рукі зброю і пойдзе змагацца за тое, у што верыў.
Выбар на карысць паўстання
Пасля вяртання з Пецярбурга Багушэвіч не застаўся без справы. Ён пачаў працаваць настаўнікам на Лідчыне, навучаючы дзяцей сялян.
Гэта быў важны перыяд у ягоным жыцці: замест універсітэцкіх аўдыторый — вясковая школа, замест акадэмічных дыскусій — непасрэдны кантакт з людзьмі, чыё жыццё было далёкім ад сацыяльнага дабрабыту і шырокіх магчымасцяў.
Для чалавека, які ўжо меў уласныя погляды на справядлівасць і сацыяльную роўнасць, такая праца была не проста сродкам заробку.
Аднак набліжаліся падзеі, якія кардынальна змянілі лёс не толькі аднаго Францішка Багушэвіча. У 1863 годзе пачалося паўстанне супраць расійскай імперскай адміністрацыі. Для маладога Францішка гэта была не выпадковая авантура і не рамантычны жэст незадаволенай моладзі.
Ён успрымаў паўстанцкі рух як працяг гістарычнай барацьбы за аднаўленне Рэчы Паспалітай, спадкаемцам якой лічыў і сябе і сваё пакаленне.
У ягоным уяўленні паўстанцы 1863 года працягвалі справу тых, хто ўздымаўся на барацьбу ў 1794-м пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, а таксама ўдзельнікаў паўстання 1830–1831 гадоў.
Гэтая гістарычная пераемнасць мела для Багушэвіча прынцыповае значэнне. Пазней ён адлюструе яе і ў сваёй паэтычнай творчасці, звяртаючыся да памяці папярэдніх пакаленняў змагароў.
Разам з Францішкам у паўстанцкім руху ўдзельнічалі ягоны малодшы брат Валяр’ян і колішнія сябры-гімназісты. Учарашнія навучэнцы, якія яшчэ нядаўна абмяркоўвалі гісторыю і рэвалюцыйны ідэі ў калідорах гімназіі, цяпер апынуліся ў рэальным падполлі.
Падчас аднаго з баёў у Аўгустоўскіх лясах Францішак Багушэвіч быў паранены. Сітуацыя складвалася крытычна: у выпадку трапляння ў рукі царскіх войскаў яго чакалі арышт, следства і хутчэй за ўсё даволі суровае пакаранне. Аднак дзякуючы дапамозе надзейных людзей маладому паўстанцу ўдалося схавацца ад царскіх жандармаў.
Расплата за ўдзел у паўстанні закранула і ягоных блізкіх. Бацька Казімір, сястра Ганна і брат Апалінар за падтрымку паўстанцаў больш за год правялі ў Ашмянскай турме.
Для самога Францішка Багушэвіча вяртанне да ранейшага жыцця ўжо не было магчымым. Каб пазбегнуць пераследу, ён мусіў пакінуць родныя мясціны. Так пачыналася доўгае выгнанне, якое расцягнецца амаль на дваццаць гадоў.
Трансфармацыя ў выгнанні
Украіна стала самым сапраўдным прытулкам для Багушэвіча. У другой палове XIX стагоддзя яна была адным з тых рэгіёнаў Расійскай імперыі, дзе знаходзілі прытулак многія ўдзельнікі самых розных нацыянальна-вызваленчых рухаў і палітычныя эмігранты.
Тут, у горадзе Нежыне на Чарнігаўшчыне, Францішак змог працягнуць сваю адукацыю і нават атрымаць юрыдычную спецыяльнасць.
Жыццё ў выгнанні было далёкім ад рамантычнага вобраза палітычнага эмігранта. Пастаянная змена месца жыхарства, матэрыяльныя цяжкасці, адарванасць ад родных мясцінаў і немагчымасць вярнуцца дадому стваралі дадатковы псіхалагічны ціск. Трэба было пачынаць усё нанова, шукаць працу і прыстасоўвацца да чужога асяроддзя.
Аднак менавіта гэты досвед, верагодна, яшчэ больш умацаваў сувязь Багушэвіча з родным краем. Ён ужо не быў проста маладым шляхціцам, які атрымаў адукацыю ў Вільні і ненадоўга з’ездзіў у Пецярбург.
Перад ім адкрылася сапраўднае жыццё з ягонымі драматычнымі паваротамі, стратамі і выпрабаваннямі. І ўсё гэта ўрэшце паўплывае на фармаванне яго як паэта, пісьменніка, публіцыста і чалавека, які ўрэшце паспрабуе сфармуляваць беларускую нацыянальную ідэю.