Беларуска шукала прыправу ў краме і нечакана вывучыла новае слова на роднай мове
- 15.11.2026, 15:02
Вытворца прадугледзеў падказку.
Беларуска заўважыла ў адной з крам прыправы з надпісамі на роднай мове, якія ўзбагацілі яе слоўнікавы запас. Яна падзялілася знаходкай у Threads, піша «Зеркало».
Паводле яе слоў, яна шукала вэнджаную папрыку, на ўпакоўцы было напісана «папрыка чырвоная молатая вэнджаная». Яна пачала чытаць ўголас і зразумела, што ведае не ўсе словы, але вытворца прадугледзеў падказку на такі выпадак.
– Хадзім з мужам па краме, падыходзім да спецый, кажу: «шукай вэнджаную папрыку». Прыносіць, чытаю — «папрыка чырвоная молатая вэнджаная». Ўголас: «Так, папрыка чырвоная молатая… вэнджаная. Што такое «вэнджаная»?» Апускаю вочы ніжэй — «гэта капчоная». Цалую рукі маркетолагу/дызайнеру ўпакоўкі брэнда! Цудоўны прыклад разумення свайго пакупніка, трошкі сорамна, што я не ведала такое цудоўнае слова на роднай мове, але цяпер буду ведаць, – распавяла яна.
У каментарыях карыстальнікі адзначылі, што не толькі крэатыў вытворцы падымае настрой, але і смак прыправ. Праўда, знайшліся і тыя, хто засумняваўся, што за такім афармленнем стаіць клопат пра родную мову, а таксама ў тым, ці сапраўды аўтарка паста — беларуска:
«Нічога сорамнага няма, як нас вучылі, так і ведаем. З паветра мова не бярэцца. А цалаваць рукі не трэба, гэта цяпер модна, таму і выкарыстоўваюць. А модна, бо гэта пратэст штодзённасці, проціпастаўленне. Хочуць вылучыцца, тыпу бамонд. Не павінна быць так! Родная мова павінна быць нормай, а не як айфон».
«Калі беларус перакладае для сябе (для сябе, Карл!!!) на рускую мову, каб зразумець, дык гэта, прабачце, не беларус».