BE RU EN

Эстонія закрые ўсе памежныя пераходы на мяжы з Расіяй

  • 15.11.2026, 19:02

З 1 снежня.

Эстонія закрые ўсе пункты пропуску на мяжы з Расіяй з 1 снежня. Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў Эстоніі Маргус Цахкна у сацсетцы X.

Паводле слоў Цахкны, расійская ваенная разведка аддала загад аб правядзенні дыверсіі супраць эстонскага прадпрыемства абароннай прамысловасці. Прэм’ер-міністр краіны Крыстэн Міхал паведаміў, што сёння ГРУ паспрабавала арганізаваць дыверсію супраць прадпрыемства Threod Systems.

«Расія павінна разумець, што варожыя дзеянні супраць Эстоніі цягнуць за сабой наступствы. Спробы запалохаць, дэстабілізаваць сітуацыю або падарваць нашу бяспеку не застануцца без адказу», — напісаў Цахкна. Ён дадаў, што праінфармаваў калег з Фінляндыі, Латвіі і Літвы пра рашэнне закрыць памежныя пераходы на расійскай мяжы.

Сёння ў Эстоніі пасля спробы падпалу аб’екта Threod Systems былі затрыманыя восем чалавек, пяцёра з іх арыштаваныя. Ніхто не пацярпеў, прадпрыемства не панесла значнай шкоды.

Апошнія навіны