BE RU EN

Сотні дронаў атакавалі Маскву

  • 16.11.2026, 9:08

У бок расійскай сталіцы маглі ляцець 600 БПЛА.

Увечары 15 лістапада Масква падверглася масіраванай атацы беспілотнікаў. На працягу вечара мэр расійскай сталіцы Сяргей Сабянін некалькі разоў паведамляў пра працу СПА і пра нібыта збітыя дроны, што ляцелі да горада.

Раніцай 16 лістапада ён заявіў, што з 17:00 15 лістапада да 08:00 16 лістапада (па мінскім часе) у бок Маскоўскага рэгіёна ляцелі каля 600 беспілотнікаў. Паводле яго слоў, частку з іх расійская СПА нібыта знішчыла «на далёкіх падступах», а 191 апарат быў «нейтралізаваны» на падлёце да Масквы.

Раней, у вячэрніх паведамленнях у Telegram, Сабянін пісаў, што былі збітыя не менш як 34 беспілотнікі. Пра наступствы атакі і магчымыя пашкоджанні мэр пры гэтым не паведаміў.

Міністэрства абароны РФ, у сваю чаргу, сцвярджае, што 15 лістапада з 08:00 да 20:00 расійская СПА нібыта перахапіла і знішчыла 230 беспілотнікаў. Паводле версіі ведамства, дроны збівалі над Белгарадскай, Бранскай і Курскай абласцямі, часова акупаваным Крымам, а таксама над акваторыяй Чорнага мора.

Апошнія навіны