П'яны матрос Пуцін
- Даян Фрэнсіс
- 16.11.2026, 9:31
Што стала вядома пасля ўзлому Расстата.
Поспехі Украіны на фронце, вынікі прамежкавых выбараў у ЗША і разаральныя выдаткі на вайну ўзмацняюць ціск на Уладзіміра Пуціна. Расія імкліва набліжаецца да эканамічнага краху — вайна супраць Украіны, якая цягнецца ўжо пяты год, буксуе, знясільваючы і армію, і рэсурсы краіны.
9 лістапада хакеры атрымалі доступ да сакрэтных звестак Расстата, што пацвердзілі катастрафічныя наступствы пуцінскага ўварвання. Паводле расійскіх рэестраў пасведчанняў аб смерці, ва Украіне загінулі ўжо не менш як 412 576 расіян. У амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны (ISW) падкрэслілі, што, паводле іх падлікаў, гэтая лічба далёка не вычарпальная, а з улікам параненых маштабы разні — яшчэ больш сур'ёзныя.
Паводле аналітыкаў, чыноўнікі РФ масава афармляюць загінулых як «прапалых без весткі», аднак да лістапада 2026 года агульныя страты расійскай арміі (забітымі і цяжкапараненымі) наблізіліся да 1,6 млн чалавек.
Кангрэс ЗША павінен павялічыць дапамогу Украіне і пашырыць пастаўкі зброі. Але перад гэтым яму неабходна выправіць сітуацыю з разбуральнымі санкцыямі супраць Расіі, за якія ён пераважнай большасцю прагаласаваў у верасні. Як вядома, Трамп падпісаў гэты закон, але потым, 16 кастрычніка, прыпыніў яго дзеянне. Гэтую здраду нельга пакідаць без адказу. Кангрэс павінен прыняць новы закон, які скасуе нададзеныя прэзідэнтам выключэнні і абмяжуе яго права ўводзіць іх ізноў.
«У Кангрэсе ёсць міжпартыйная большасць, гатовая падтрымаць Украіну і выступіць супраць агрэсіі Пуціна. Магчыма, яму хопіць галасоў нават для пераадолення прэзідэнцкага вета — бо на баку Расіі толькі 3% амерыканцаў, — напісаў Макс Бут у The Washington Post. — Кангрэс мог бы выдзеліць Кіеву дадатковую дапамогу, гарантаваць бесперабойную працу Starlink, перадаць Украіне замарожаныя ў ЗША расійскія сродкі (паводле розных ацэнак, ад 5 да 50 млрд долараў) і ўзмацніць санкцыі супраць Масквы, не пакінуўшы прэзідэнту магчымасці рабіць выключэнні. Кіраўнікі Кангрэсу могуць прапанаваць Трампу здзелку: сродкі на завяршэнне бальнага зала ў Белым доме ў абмен на дадатковыя ракеты Patriot для Украіны».
Разбуральныя санкцыі, прапанаваныя памерлым сенатарам Ліндсі Грэмам, неабходныя, каб канчаткова падарваць расійскі рэжым і хутка пакласці канец вайне.
У Пуціна ўжо заканчваюцца і грошы, і час. Некалькі тыдняў таму адзін з людзей, набліжаных да Крамля, папярэдзіў у эфіры расійскага радыё: ваенныя выдаткі жыўцом пажыраюць астатнюю эканоміку. Паводле яго слоў, «гэта наогул ужо не эканоміка, а свайго роду рэжым «берсерка» — шалёнай працы на знос, — які можа трымацца толькі абмежаваны час і неабходнасць якога варта вельмі ўважліва прадумаць».
Сёлета Пуціну патрэбна 200 млрд долараў на вядзенне вайны. Нестача сродкаў настолькі вострая, што ён падманвае нават уласнае «гарматнае мяса». Ён ужо адступіў ад абяцання выплачваць сем'ям загінулых вайскоўцаў па 5 млн рублёў, або 61 тыс. долараў, урэзаўшы гэтую суму.
Горш таго, найбяднейшыя расійскія рэгіёны, што адправілі на фронт найбольш салдат, настолькі абязкроўлены і не спраўляюцца з выплатамі з-за велізарнай колькасці забітых, што некаторыя ўвогуле адмяняюць такую дапамогу.
Нарастаючы цяжар вайны таксама вымусіў многія рэгіёны скараціць сацыяльныя выдаткі і пачаць звальненні бюджэтнікаў, у тым ліку лекараў і іншых медработнікаў. А ў гэтым месяцы Крэмль абвясціў, што выплату заробкаў супрацоўнікам абароннай сферы, не задзейнічаным у вайне, адклалі да студзеня.
Мала хто верыць, што яе наогул адновяць.
Каб стрымаць незадаволенасць, Крэмль загадаў жорстка цэнзураваць паведамленні падкантрольных СМІ пра нарастаючы эканамічны крызіс або ўвогуле абыходзіць гэтую тэму. Але расіянам дастаткова аднаго толькі колькасці трунаў, каб зразумець: вайна ідзе з рук вон дрэнна.
Пра тое, што краіна на мяжы банкруцтва, яны таксама ведаюць — з «сарафаннага радыё» або рэпартажаў у СМІ пра фінансавыя праблемы. Напрыклад, буйны завод, які выпускае ваенныя караблі і іншыя судны для флоту, ужо два месяцы не плаціць заробак сваім 850 работнікам. «Абяцалі 23 кастрычніка выплаціць усё, што ў іх ёсць, але зноў нічога, — расказаў адзін з іх расійскім журналістам. — На сходзе кажуць, што Мінабароны не пералічвае грошы за заказы».
Па ўсёй краіне спыняюцца і іншыя прадпрыемствы. Трывожных прыкмет становіцца ўсё больш. Пратэрмінаваныя абавязацельствы дзяржавы патроіліся, а расійскія будаўнікі і работнікі горназдабыўной галіны не атрымліваюць заробку.
Неплацяжы закранулі IT-кампаніі, тэлекамунікацыйны сектар і вытворцаў, якім дзяржаўныя прадпрыемствы завінаваціліся мільёны.
Нядаўна тысячы рабочых на буйным аб'екце па будаўніцтве ядзернага рэактара правялі забастоўкі і пачалі масава падаваць заявы аб звальненні: ім не выплачвалі належныя ім грошы ўжо некалькі месяцаў.
Пратэсты і адмовы выходзіць на працу учашчаюцца. Усё гэта ўзмацняе адток укладаў: з пачатку лета звычайныя расіяне масава здымалі грошы з банкаў, пакуль улады не абмежавалі сумы і частату зняцця наяўных. За чэрвень, ліпень і жнівень з рахункаў было выведзена больш за 15 млрд долараў — галоўным чынам праз страх, што дзяржава канфіскуе зберажэнні.
У расіян ёсць падставы не давяраць уладам і трывожыцца за свае грошы. Пуцін спускае сродкі на вайну, быццам п'яны матрос, а фінансавую дапамогу Расіі не аказвае нават Кітай. Таму ўрад займае ў уласных дзяржаўных банкаў, у якіх цяпер таксама вось-вось пачнуцца сур'ёзныя праблемы.
У маі звязаны з Крамлём Цэнтр макраэканамічнага аналізу і кароткатэрміновага прагназавання паведаміў, што доля праблемных банкаўскіх актываў перавысіла «крытычны парог» у 10 працэнтаў. Паводле ацэнкі цэнтра, крызіс пакуль застаецца схаваным: пагаршэнне якасці актываў маскіруюць рэструктурызацыя крэдытаў і дамінаванне дзяржаўных банкаў.
Некалькі тыдняў таму Al Jazeera паведаміла, што паўмільёна расіян прызнаныя банкрутамі. Паводле ацэнак The Moscow Times, за 2025 год іх агульная колькасць дасягнула 636 тысяч. У 2026-м сітуацыя працягвае пагаршацца.
Аднак самы цяжкі ўдар па расійскай эканоміцы нанесла Украіна, атакуючы энергетычныя аб'екты. Гэтая кампанія знішчыла актывы нафтавай галіны коштам 23 млрд долараў і скараціла экспарт на 30 працэнтаў. Толькі на нафтапрадуктах расійская казна губляе больш за мільярд долараў у месяц. Каб пакрыць унутраныя патрэбы, краіна імпартуе бензін і авіяцыйнае паліва з Паўднёвай Карэі і Індыі.
З-за гэтага Крэмль, які адчувае востры фінансавы дэфіцыт, вымушаны выціскаць сродкі з прадпрыемстваў, не звязаных з нафтавай галінай.
Згодна з дакладам Кільскага і Стакгольмскага інстытутаў, інвестыцыі ў грамадзянскі сектар перасталі расці, дэфіцыт працоўнай сілы ўзмацніўся, а аб'ёмы гандлю за больш чым дзесяцігоддзе ўпалі да мінімуму.
Паводле дадзеных аналітычнага цэнтра CEPA, ліквідная частка расійскай фінансавай падушкі бяспекі скарацілася з 9,7 трлн рублёў у лютым 2022 года прыкладна да 4 трлн сёння. Бюджэтны дэфіцыт за гэты год падвоіўся. Насельніцтву нарміруюць продаж бензіну, аўтамабіляў выпускаюць на 40 працэнтаў менш, чым да ўварвання 2022 года, падаткі зашкальваюць — як і інфляцыя. Рубель фактычна ператварыўся ў труху.
Нават Дональд Трамп, заклікаючы Пуціна завяршыць вайну, узгадаў абмежаванні на продаж бензіну ў Расіі як прадвестнікі хуткага абвалу: «У пэўны момант эканоміка проста абваліцца». Менавіта да гэтага краіна і набліжаецца.
Праўда, эксперт, на якога спасылаецца National Security Journal, папярэджвае, што Масква яшчэ можа ваяваць на працягу ўсяго 2027-га і, магчыма, яшчэ аднаго года.
Аднак цяпер дэмакраты здольныя давесці Расію да краху — і абавязаныя гэта зрабіць. Калі прэзідэнт не скарыстаецца такім сродкам ціску, — або Пуцін па-ранейшаму будзе настойваць на недарэчных саступках, — варта ўзмацніць санкцыі да такой ступені, каб Расія абанкруцілася і распалася на дзясяткі самастойных палітычных утварэнняў.
Падобнае ўжо адбылося ў 1991-м з СССР і абярнулася для ўсяго свету дабром, а не бядой.
Калі ў 2026 годзе гэты сцэнар паўторыцца, а дзяржава, якая з'яўляецца галоўнай крыніцай глабальных бедстваў, зноў будзе аслабленая і раздробленая — гэта стане буйной перамогай для міру ва ўсім свеце.
Даян Фрэнсіс, New Voice