BE RU EN

Літва працягне ціснуць на беларускі рэжым

  • 18.11.2026, 13:03

Улады Беларусі — абсалютныя саўдзельнікі расійскай агрэсіі.

Літва не збіраецца аслабляць ціск на Беларусь, хоць дыпламатычныя спробы вывесці Мінск з ізаляцыі працягваюцца. Пра гэта кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс заявіў у інтэрв'ю The Kyiv Independent. Паводле яго слоў, улады Беларусі — абсалютныя саўдзельнікі расійскай агрэсіі.

«Абсалютнае саўдзельніцтва»

Будрыс нагадаў, што Расія выкарыстала беларускую тэрыторыю і паветраную прастору для паўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Самастойнай ролі ў Беларусі міністр амаль не бачыць, але там, дзе Мінск дзейнічае самастойна, ён, паводле ацэнкі Будрыса, цалкам удзельнічае ў агрэсіі. Таму Вільнюс не збіраецца змяняць пазіцыю наконт санкцый і іншых абмежаванняў у дачыненні да Мінска.

«Больш за тое, я не магу ўявіць, як нехта сярод 27 [краін ЕС] падыме руку і скажа: ведаеце, паводле маёй ацэнкі, паводзіны Беларусі змяніліся ва ўсіх тых сферах, за якія мы ўвялі санкцыі», — сказаў міністр.

Што будзе з санкцыямі ЕС

Будрыс лічыць, што ў лютым 2027 года, калі вызначыцца лёс санкцый Еўразвязу супраць Беларусі, іх працягнуць яшчэ на год без істотных змяненняў.

Пазіцыя ЗША адносна беларускіх санкцый адрозніваецца, але, як кажа палітык, Вашынгтон не патрабаваў ад ЕС перагледзець курс. Бакі абмяркоўвалі беларускае пытанне, Літва выклала сваю кропку гледжання, аднак ніякіх далейшых крокаў не паследавала. Нагадаем, раней ЗША прапаноўвалі магчымае змякчэнне абмежаванняў на транзіт беларускага калію праз літоўскі порт Клайпеда.

Да ўдзелу Беларусі ў будучых перамовах аб завяршэнні вайны Будрыс ставіцца стрымана. Расійская вайсковая прысутнасць у краіне, на яго думку, — гэта «разменная манета», якую Масква захоўвае толькі дзеля будучых перамоваў.

«Ці з'яўляецца тут Беларусь нейкім чынам актарам? Я гэтага не бачу», — заявіў міністр.

Праверкі збожжа

Міністр таксама распавёў, што Літва ўзмацніла кантроль за збожжам, якое ідзе транзітам праз Клайпеду з Беларусі і Расіі: правяраюць, ці не вывезена яно з акупаваных тэрыторый Украіны. Пры гэтым яшчэ важней, паводле яго слоў, дапамагчы Украіне экспартаваць уласнае збожжа на сусветны рынак.

Апошнія навіны