Кіраўніка пасольства РФ выклікалі ў МЗС Малдовы пасля ўварвання сямі дронаў
- 18.11.2026, 13:19
Гэта як мінімум сёмы выпадак з пачатку года.
Кіраўнік пасольства РФ у Малдове Алег Азёраў у сераду прыбыў у Міністэрства замежных спраў краіны, куды яго выклікалі пасля таго, як у аўторак, 17 лістапада, сем беспілотнікаў парушылі паветраную прастору Малдовы.
Пра гэта паведамляе Newsmaker.
Гэта як мінімум сёмы выпадак з пачатку года, калі дыпламата РФ выклікаюць у малдаўскі МЗС.
Напярэдадні ўвечары сем беспілотнікаў незаконна знаходзіліся ў паветранай прасторы Рэспублікі Малдова на фоне масаваных расійскіх атак па Украіне. Пяць з іх упалі паблізу населеных пунктаў Чэлтуйторы, Пагорнічэнь, Пагребень, Кухурэшці-дэ-Жос і Бекшань.
Беспілотнік тыпу «Шахед» таксама заўважылі над Кішынёвам, дзе мясцовыя жыхары знялі яго на відэа ў некалькіх раёнах сталіцы.
З меркаванняў бяспекі ўлады часова закрылі паветраную прастору краіны і прыпынілі працу шасці пунктаў пропуску на мяжы з Украінай.