Памёр турэцкі мільярдэр, які адкрыў у Мінску гатэль Crowne Plaza
- 18.11.2026, 13:33
Ён быў жанаты з беларускай.
Турэцкі бізнесмен Суди Озкан, які напрыканцы 2000-х адкрыў на месцы савецкай гасцініцы «Свіслач» першы ў Мінску пяцізоркавы гатэль Crowne Plaza, памёр у мінулым месяцы. Яму было 86 гадоў.
Імперыя на 4 мільярды долараў
У склад яго холдынгу Princess International Group ўваходзяць амаль 30 раскошных гатэляў і казіно ў 16 краінах. Паводле дадзеных турэцкага выдання Patronlar Dünyası, аб’екты ў Карыбскім басейне, Еўропе, на Блізкім Усходзе і ў Лас-Вегасе ацэньваюцца прыблізна ў 4 млрд долараў.
Свой капітал Озкан нажыў да 1998 года. Калі ў Турцыі закрылі ўсе казіно, ён выехаў за мяжу, пакінуўшы нявыплачаныя падатковыя даўгі на мільярды лір. Пазней бізнесмен атрымаў «індульгенцыю»: рэструктурызаваў запазычанасць і поўнасцю яе пагасіў.
Што будзе са спадчынай
У Озкана засталося шасцёра дзяцей, у тым ліку двое ад другога шлюбу з беларускай Кацярынай Шулькевіч.
Праўда, у спадкаемцаў могуць узнікнуць складанасці. Перад смерцю бізнесмен стварыў спецыяльны фонд і перадаў у яго ўсе свае актывы. Фондам кіруюць яго адвакат і менеджары холдынгу.