Сур'ёзны прарыў Украіны
- Леанід Неўзлін
- 18.11.2026, 13:37
Для Крэмля гэта перш за ўсё палітычны ўдар.
Паспяховае разбурэнне Крымскага моста сведчыць пра сур'ёзны тэхналагічны прарыў: украінцы здолелі арганізаваць сістэму сувязі і навядзення, што дазволіла нанесці ўдар, які прывёў да абвалу складанай інжынернай канструкцыі. Пры гэтым не балістычнымі, а крылатымі ракетамі.
Афіцэр, які ўдзельнічаў у аперацыі, расказаў The Times, што гэты ўдар паказаў: Украіна больш не мае патрэбы ў сетках Starlink і Starshield для нанесення магутных удараў па варожых аб'ектах. Кіеў здольны ствараць уласныя сістэмы сувязі для рэтрансляцыі сігналаў. У аўторак Сілы абароны Украіны ўпершыню выкарысталі беспілотнікі для перадачы відэасігналаў ракетам, што дазволіла паражаць канкрэтныя кропкі моста.
Гэта вялікі крок да пазбаўлення ад рычагоў ціску з боку Вашынгтона, дзе учора выказалі незадаволенасць украінскімі ўдарамі — маўляў, такія дзеянні «не набліжаюць заканчэнне вайны і не стрымліваюць наступ РФ на фронце». Хочацца спытаць: а ці набліжаюць заканчэнне вайны камерцыйныя здзелкі з Пуціным? І якім чынам? Але гэта рытарычнае пытанне.
Дарэчы, крыніцы СМІ ў Кіеве кажуць перадусім пра палітычнае вымярэнне аперацыі: удар быў нанесены перад сустрэчай у Шэньчжэні, каб прадэманстраваць слабасць Пуціна. І сапраўды, палітычныя наступствы разбурэння моста значна больш сур'ёзныя за эканамічныя. На будаўніцтва і забеспячэнне бяспекі гэтага помніка пуцінізму былі скіраваныя велізарныя рэсурсы.
Гэта рэпутацыйны ўдар, які дэманструе ўразлівасць нават найбольш абароненых стратэгічных аб'ектаў РФ. А здольнасць Украіны самастойна паражаць такія аб'екты зброяй уласнай вытворчасці змяняе яе перамоўныя пазіцыі. Цяпер галоўны выклік для Кіева — маштабаванне. Важным становіцца не толькі якасць, але і колькасць.
Леанід Неўзлін, «Тэлеграм»