У Польшчы сабралі подпісы за выхадны дзень у гонар выхаду GTA VI
- 18.11.2026, 22:41
Відэагульня стала культурным феноменам яшчэ да выхаду.
Студэнты Уроцлаўскай політэхнікі сабралі больш за 1500 подпісаў пад петыцыяй да рэктара з просьбай скасаваць заняткі 19 лістапада — у дзень выхаду гульні GTA VI. Пра гэта паведамляе гарадская газета Wroclaw.
Петыцыю апублікаваў студэнт Мікалай Кухараў. За два дні свае подпісы пад ёй паставілі 1555 чалавек. Паводле яго слоў, удзельнікі акцыі падышлі да ініцыятывы з гумарам і забяспечылі ёй падтрымку найперш дзеля значнасці моманту.
«Незалежна ад таго, ці будзе адказ станоўчым, адмоўным або мы яго не атрымаем, мы павінны гэта ўшанаваць, ведаючы, што сама акцыя ўжо стала для нас беспрэцэдэнтным, гістарычным эпізодам», — напісаў Кухараў на сваёй старонцы ў Facebook.
Кіраўніцтва ўніверсітэта ініцыятыву не падтрымала. Як адзначылі ў прэс-службе ўніверсітэта, петыцыя дэманструе высокую актыўнасць студэнтаў, аднак навучальны працэс важнейшы.
«Таму мы не рэкамендуем прапускаць заняткі, не плануем ніякіх дадатковых вольных дзён або гадзін з гэтай нагоды», — заявіў прадстаўнік універсітэта Міхал Цэпельскі.
Прарэктар па студэнцкіх пытаннях Пётр Гурскі дадаў, што ўніверсітэт сочыць за тым, што будзе адбывацца падчас прэм'еры GTA VI, але заняткі адбудуцца паводле раскладу. Пры гэтым ён нагадаў, што 16 лістапада ў студэнтаў ужо быў выхадны ў сувязі з універсітэцкім святам.
GTA VI стала культурным феноменам яшчэ да выхаду: гульня ўжо пабіла рэкорд па колькасці перадзаказаў. Паводле ацэнак амерыканскіх экспертаў, прэм'ера можа абысціся эканоміцы ЗША да $1 млрд з-за адпачынкаў і раптоўных неяўкаў супрацоўнікаў на працу.