У Гродне выбухнуў гараж
- 18.11.2026, 23:09
Абрынуліся пліты перакрыцця і задняя сцяна.
Увечары 18 лістапада ў гаражы на вуліцы Зорнай у Гродне выбухнуў газ. У выніку абрынуліся пліты перакрыцця і сцяна, паведамілі ў МНС.
Гродзенскія выратавальнікі атрымалі паведамленне пра пажар у гаражным кааператыве па вуліцы Зорнай. Калі прыехалі, гаражная ячэйка і легкавы аўтамабіль унутры былі ахоплены полымем.
«Высветлілася, што адбылася ўспышка пароў газапаветранай сумесі з наступным узгараннем маёмасці і абрушэннем двух пліт перакрыцця і задняй сцяны гаража», — паведамілі ў МНС.
У выніку інцыдэнту пацярпеў мужчына, яго шпіталізавалі.
Выратавальнікі ліквідавалі пажар.