BE RU EN

У Польшчы ўпалі дзве расійскія ракеты Х-101 і рэактыўны «Шахед»

  • 20.11.2026, 14:58

Міністр абароны Уладзіслаў Косіняк-Камыш назваў атаку найбуйнейшай з пачатку вайны ва Украіне.

Падчас масіраванай атакі Расіі на Украіну ў пятніцу, 20 лістапада, на польскай тэрыторыі зафіксавалі падзенне трох расійскіх аб’ектаў: дзвюх ракет Х-101 і рэактыўнага беспілотніка.

Пра гэта на прэс-канферэнцыі заявіў міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Косіняк-Камыш, перадае RMF24.

Па яго словах, расійскія ракеты ўпалі ў Новым Ліпаўцы і Рудніку над Сяном, а дрон — у Малодзічах.

«Гэта атака Расійскай Федэрацыі на ўкраінскую тэрыторыю, якая закранула Польшчу, была адной з самых буйных з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне», — сказаў Косіняк-Камыш.

Кіраўнік Мінбароны таксама паведаміў, што ў выніку падзення расійскіх аб’ектаў у Польшчы ніхто не пацярпеў.

«Мы таксама не атрымлівалі ніякіх паведамленняў пра пашкоджанні крытычнай інфраструктуры. Мы не назіралі ніякіх пашкоджанняў інфраструктуры. Адбылося парушэнне польскай паветранай прасторы і ўварванне аб’ектаў Расійскай Федэрацыі», — дадаў ён.

Косіняк-Камыш падкрэсліў, што дата гэтай атакі невыпадковая.

«Мы маем справу з чарговай правакацыяй з боку Расіі. Дата, на маю думку, невыпадковая. Сёння «Кааліцыя ахвотных» праводзіць вучэнні. Каля дзясятка краін знаходзяцца паблізу месцаў, дзе дзейнічалі нашы паветраныя сілы», — адзначыў міністр.

Прысутны на канферэнцыі польскі генерал Ірэнеуш Новак дадаў, што Польшча сутыкнулася з 11 аб’ектамі, якія ўяўлялі прамую пагрозу ўварвання ў польскую паветраную прастору, тры з якіх яе парушылі.

Нагадаем, раніцай 20 лістапада у раёне польскага населенага пункта Хмелек прагрымеў магутны выбух. У паветраную прастору краіны, верагодна, уляцела расійская ракета падчас масіраванай атакі на Украіну.

Некалькі разоў уначы і раніцай Урадавы цэнтр бяспекі Польшчы (RCB) рассылаў папярэджанні жыхарам асобных паветаў Люблінскага і Падкарпацкага ваяводстваў у сувязі з расійскай паветранай атакай на Украіну.

Апошнія навіны