Фрэгат і танкер: каля берагоў Вялікабрытаніі сутыкнуліся расійскія караблі
- 20.11.2026, 15:34
Абодва судны атрымалі пашкоджанні.
Расійскі фрэгат «Неустрашимый», які некалькі месяцаў суправаджаў танкеры «ценявога флоту» каля берагоў Вялікабрытаніі, сутыкнуўся з расійскім суднам-запраўшчыкам падчас папаўнення запасаў у Паўночным моры. Абодва караблі атрымалі пашкоджанні, паведамляе Daily Mail са спасылкай на крыніцы ў НАТА.
Што вядома пра сутыкненне
Выданне не паведамляе назву другога судна і дакладную дату інцыдэнту. OSINT-праект Russian Forces Spotter мяркуе, што ім мог быць танкер забеспячэння «Валянцін Рыкаў» (IMO: 4750653), які ў кастрычніку ішоў да фрэгата «Неустрашимый» для дазапраўкі.
Паводле The Telegraph, танкер выйшаў з Балтыйскага мора і накіраваўся да ветрапарку Galloper каля ўсходняга ўзбярэжжа Англіі. Там ён правёў каля 17 гадзін на ўсход ад ветрапарку і, верагодна, спрабаваў дазаправіць фрэгат.
The Insider прааналізаваў даныя сістэмы маніторынгу суднаў Starboard Maritime Intelligence. Паводле іх, да 20 кастрычніка «Валянцін Рыкаў» рухаўся даволі хутка, але затым раптоўна спыніўся ў раёне Outer Galloper у Паўночным моры, што супадае з месцам меркаванай дазапраўкі. Пасля гэтага танкер змяніў курс, не зайшоў у Ла-Манш і вярнуўся ў Балтыйскае мора. 27 кастрычніка яго заўважылі разам з фрэгатам «Неустрашимый» у дацкім праліве Вялікі Бельт. На той час фрэгат больш за тры месяцы знаходзіўся каля берагоў Вялікабрытаніі і суправаджаў расійскія танкеры «ценявога флоту» праз Ла-Манш.
Надвор’е, назіранне і знос караблёў
Крыніцы The Telegraph у брытанскім абаронным ведамстве заяўляюць, што з-за складаных умоў надвор’я расійскія караблі шукалі больш спакойныя воды каля ўсходняга ўзбярэжжа Шатландыі. 22 кастрычніка за імі назіралі брытанскі патрульны карабель HMS Tyne і разведвальны беспілотнік MQ-9B Protector, які ўзляцеў з авіябазы Уодынгтан.
Russian Forces Spotter дапускае, што сутыкненне адбылося падчас дазапраўкі пры моцным хваляванні мора: з-за хваль судны маглі не вытрымаць бяспечную дыстанцыю.
Субяседнікі Daily Mail у НАТА звязваюць рост рызыкі падобных інцыдэнтаў з зацяжнымі разгортваннямі расійскіх караблёў. Неабходнасць суправаджаць танкеры, паводле іх слоў, прымушае флот адкладаць рамонт і мадэрнізацыю, а самі караблі эксплуатуюцца практычна да поўнага зносу.