Украіна нанесла серыю удараў па мастах сухапутнага калідора ў Крым
- 20.11.2026, 17:46
Гэта можа яшчэ больш ускладніць забеспячэнне паўвострава
Украіна нанесла серыю удараў па мастах сухапутнага калідора ў Крым, што можа яшчэ больш ускладніць забеспячэнне паўвострава. У ноч на аўторак удар прыпаў не толькі па Крымскім мосце, дзе абрынулася аўтамабільная частка, але і па мосце на трасе «Наварасія» ў Растоўскай вобласці. Паводле ацэнак ваенных экспертаў, яго страта можа мець большае значэнне з вайсковага пункту гледжання, паведамляе «Агенцтва».
Удар па мосце праз Міус
Уранку ў аўторак губернатар Растоўскай вобласці Юрый Слюсар паведаміў пра ўдар па мосце праз раку Міус на ўчастку трасы Р-280 у Няклінаўскім раёне, прыкладна за 20 км ад мяжы. Паводле яго слоў, пашкоджаныя дарожнае палатно і металічныя агароджы. Фота пашкоджанняў ён не публікаваў.
Гэта не першая атака на збудаванне: як удакладніў Слюсар, мост перакрыты з 8 лістапада, калі ў выніку ўдару былі пашкоджаныя дарожнае палатно і два гусенічныя краны.
Нямецкі вайсковы блогер Энды Шнайдэр напісаў, што мост уваходзіць у сухапутны маршрут у Крым. Паводле яго інфармацыі, украінскія вайскоўцы знішчылі канструкцыю, і цяпер даводзіцца карыстацца аб'ездам даўжынёй 58 км. Паводле слоў OSINT-аналітыка Intelschizo, такі маршрут небяспечней за прыбярэжную трасу паміж Таганрогам і Марыупалем.
«Цяпер увесь аўтамабільны транспарт вымушаны ісці па паўночным аб'ездным маршруце даўжынёй 58 км праз Матвееў Курган. У выніку транспартныя калоны апынаюцца непасрэдна ў зоне дзеяння ўдарных беспілотнікаў, якія выкарыстоўваюцца Украінай у межах кампаніі ўдараў сярэдняй далёкасці», — падкрэсліў ён.
Кіраўнік польскага аналітычнага цэнтра Rochan Consulting Канрад Музыка лічыць, што з вайсковага пункту гледжання гэтае здарэнне важней за знішчэнне Крымскага моста.
Як змяняецца забеспячэнне Крыма
Пасля абрынання аўтамабільнай часткі Крымскага моста траса «Наварасія» застаецца адзіным спосабам забеспячэння паўвострава, піша французскі OSINT-аналітык Клеман Молен. З канца вясны Украіна нарошчвала інтэнсіўнасць удараў па сухапутным маршруце: на трасе знішчаныя сотні грузавікоў, а ўдары прыйшліся і па некалькіх мастах, у тым ліку па ўсіх мастах, што злучаюць Крым з Херсонскай вобласцю.
Паводле Молена, большая частка тавараў і харчавання да гэтага паступала ў Крым па Крымскім мосце або на нешматлікіх паромах. Паводле наяўных звестак, у эксплуатацыі застаюцца чатыры паромы. У апошнія дні мэтамі атак сталі масты ў Растове-на-Доне і ў раёне Таганрога, некалькі мастоў каля расійска-ўкраінскай мяжы атрымалі пашкоджанні. У выніку праезд з Растова-на-Доне ў Крым па сушы значна ўскладніўся.