BE RU EN

Асабістая лекарка Лукашэнкі набыла дом у 200 метрах ад агароджы яго рэзідэнцыі

  • 21.11.2026, 9:54

Зямлю ёй перадалі таемна.

Асабістая лекарка Лукашэнкі Святлана Канашэнка набыла прасторны новы дом паблізу рэзідэнцыі «Дразды», як даведалася «Зеркало» ад дасведчанай крыніцы. Зямлю пад катэджам ёй перадалі рашэннем з грыфам «для службовага карыстання». Суседнія дамы набылі яе родная сястра і людзі, якіх звязваюць з набліжаным да ўлады бізнесменам Сяргеем Цецерынам.

Хто такая Святлана Канашэнка?

Святлане цяпер 49 гадоў. Як найменш з 2006 года яна знаходзіцца ў Службе бяспекі Лукашэнкі, лічылася там як лекарка і вайскоўка. У адным з інтэрв’ю дыктатар называў яе сваім лекарам.

Канашэнку часта заўважалі побач з сям’ёй Лукашэнкі падчас замежных візітаў і нефармальных мерапрыемстваў. Медык дапамагала палітыку збіраць бульбу, прыбіраць кавуны, касіць траву. У апошнія гады яе часта можна бачыць са шпіцам Умкам: яны разам гулялі па ўзбекскім Самаркандзе, былі ў царскай ложы Вялікага тэатра ў Маскве і ляталі з «працоўным візітам» у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

Да 2024 года Святлана была саўладальніцай мінскай прыватнай клінікі «Айрыс», якая прапаноўвала медыцынскія, касметалагічныя і цырульніцкія паслугі, а таксама масаж і манікюр. З студзеня 2024 года 100% бізнесу перайшлі ў уласнасць Алены Казак, актыўнай удзельніцы «суправаджэння» Лукашэнкі на нефармальных мерапрыемствах.

Новы дом у двух кроках ад працы

Як даведалася «Зеркало», у лютым 2024 года Святлана Канашэнка набыла дом на вуліцы Прыветлівай у Мінску. Катэдж размешчаны побач з рэзідэнцыяй Лукашэнкі «Дразды» — ад КПП і плота з калючым дротам яго аддзяляе каля 200 метраў.

Агульная плошча пабудовы складае 396,8 квадратнага метра, а жылая — 84,2 квадрата. У доме адзін надземны і адзін цокальны паверх.

Новый дом Светланы Коношенко на улице Приветливой. Минск, 2026 год. Изображение: «Яндекс.Панорамы»

Участак плошчай больш за 21 сотку, на якім стаіць катэдж, Канашэнка спачатку аформіла ў арэнду, а праз год — у пажыццёвае спадчыннае валоданне. Улады горада пазначылі грыфам «для службовага карыстання» рашэнне, паводле якога перадалі зямлю медычцы.

Сума, за якую Канашэнка набыла дом, невядомая. Іншы катэдж на гэтай жа вуліцы цяпер прадаецца за 1,055 мільёна беларускіх рублёў (што эквівалентна 352 тысячам долараў). Але ў выстаўленага на продаж аб’екта меншая плошча, меншы ўчастак і «другасны» стан.

Знаёмыя суседзі

Разам з домам Святланы на вуліцы Прыветлівай узвялі яшчэ некалькі катэджаў і краму. Згодна з дакументамі, там вырасла «Сядзібная жыллёвая забудова з аб’ектамі грамадскага прызначэння», якой займалася адна кампанія.

Вось хто набыў новыя дамы:

Наталля Кізык — родная сястра Святланы Канашэнкі і яе партнёрка па бізнесе.

Таццяна Матвеева — дырэктарка і ўласніца фірмы «БелГлобалТон», звязанай з набліжаным да ўлады бізнесменам Сяргеем Цецерынам. Па інфармацыі БРЦ, Матвеева як мінімум двойчы лятала на адпачынак у ААЭ ў кампаніі Цецерына і Лукашэнкі.

Правительственная трибуна во время финала чемпионата мира по хоккею — 2014. Во втором ряду — Светлана Коношенко (за плечами Владимира Путина), Сергей Тетерин и Татьяна Матвеева. Минск, май 2014 года. Фото: Reuters

Дзмітрый Шчасны, дырэктар «Лагістычнай кампаніі Усход», якую таксама звязваюць з Цецерыным.

Участкі Канашэнкі, Кізык і Матвеевай межуюць паміж сабой і абнесеныя аднолькавым плотам. Зыходзячы з вывучанай «Зеркалам» інфармацыі, дакументы на іх афармлялі з розніцай у некалькі хвілін. Усе тры жанчыны атрымалі зямлю ва ўладанне па адным і тым самым рашэнні «для службовага карыстання».

Дом Дзмітрыя Шчаснага пабудавалі амаль на год пазней і афармлялі асобна.

Магутны «Еўраопт»

Побач з катэджамі на лапіку зямлі з’явілася невялікая крама сеткі «Еўраопт». У водгуках хвалілі яе шырокі асартымент і прыемны персанал. «Не кожная крама пабольш можа такім пахваліцца. Выбар ігрыстых вінаў вышэй усялякіх пахвал, насамрэч не чакаў убачыць такое ў невялікай краме», — піша адзін з карыстальнікаў «Яндэкса».

Новый магазин «Евроопт» на ул. Приветливой. Минск, 2026 год. Изображение: «Яндекс.Панорамы»

Будынак аформілі на «Лагістычную кампанію Усход». Гэта арганізацыя, якая прымушае беларусаў пераплачваць за прадукты з Еўропы, адзначалі расследавальнікі БРЦ. Пасля ўвядзення ўладамі эмбарга на тавары з «нядружалюбных» краін салодкасці, макароны і напоі з краін ЕС працягнулі прадавацца ў Беларусі. Праўда, увазіць іх стала можна толькі па спецыяльных квотах. «Лагістычная кампанія Усход» атрымала патрэбныя дазволы і пачала актыўна імпартаваць буйныя партыі з Італіі, Польшчы, Германіі і Бельгіі. Прычым цэны сталі вышэй, бо канкурэнтаў у такіх імпарцёраў фактычна няма.

Па інфармацыі расследавальнікаў, за «Лагістычнай кампаніяй Усход» стаіць усё той жа Сяргей Цецерын. Бізнесмен прадстаўляўся яе заснавальнікам у перапісцы, таксама на яго паказвалі крыніцы, знаёмыя з харчовай галінай. Праўда, афіцыйна імпарцёрам кіруюць іншыя людзі: дырэктар — Дзмітрый Шчасны, а ўласнік — Аляксей Матвееў, брат Таццяны Матвеевай.

Загадкавы забудоўшчык

Будоўляй займалася кампанія «Міровіжн», як даведалася «Зеркало» ад дасведчанай крыніцы. Першапачаткова менавіта яна атрымала ўчастак плошчай амаль 1,6 гектара пад забудову, пасля перадавала яго долі новым жыхарам у арэнду, а далей тыя афармлялі землі ва ўладанне.

Гэта маладая фірма, зарэгістраваная ў 2021 годзе, яна ўваходзіць у рэестр малых арганізацый. Вэб-сайта ў яе няма, а адрасы рэгістрацыі — такія ж, як у фірмаў Цецерына і Канашэнкі.

Стройка домов на улице Приветливой. Минск, 2023 год. Изображение: «Яндекс.Панорамы»

Першапачаткова «Міровіжн» заяўляла, што будзе займацца размяшчэннем рэкламы ў СМІ. Аднак з дакументаў кампаніі вынікае, што ў 2023 годзе яна пераключылася на рэалізацыю праектаў, звязаных з будаўніцтвам.

Уладальнік гэтай кампаніі — нейкі Сяргей Галабародзька, пра якога няма публічнай інфармацыі. Паводле звестак, атрыманых «Зеркалам» ад «Кіберапартызанаў», у мінулым ён працаваў вадзіцелем.

Па інфармацыі выдання «Бюро», спецыялісткай па кадрах у «Міровіжн» працавала Аліна Роскач, у мінулым — удзельніца конкурсу «Міс Беларусь», якая пасля з’яўлялася побач з Аляксандрам Лукашэнкам на мерапрыемствах і працавала ў фірмах Сяргея Цецерына.

Апошнія навіны