Для ўладальнікаў і гасцей аграсядзіб у Беларусі распрацавалі новыя правілы
- 21.11.2026, 11:14
Проста зняць лазню больш не атрымаецца.
Прыехаць у домік у вёсцы, каб проста пасмажыць шашлыкі, схадзіць у лазню і пераначаваць, больш не атрымаецца. Паводле абноўленых правілаў уладальнікам аграсядзіб афіцыйна забаранілі здаваць пакоі ў звычайную арэнду, а заадно абавязалі ўцягваць кожнага госця ў мясцовыя традыцыі, кухню або краязнаўства, піша Domovita.
Падрабязнасці ўказа № 275 і лістападаўскай пастановы Саўміна растлумачылі спецыялісты Нацыянальнага агенцтва па турызме на вэбінары Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі.
Змены закранулі не толькі фармат адпачынку, але і падаткі, льготныя крэдыты і нават адносіны з суседзямі, чыя згода цяпер вырашае лёс любога свята ў двары. Разбіраемся ў новых правілах.
Ніякай звычайнай арэнды і слова — за суседам
Паводле новых правілаў аграсядзіба больш не можа працаваць як звычайны катэдж на суткі. Здаваць пакоі проста ў арэнду або найм уладальнікам забаранілі. Любы дагавор з госцем павінен уключаць мінімум дзве паслугі, прычым адна з іх павінна знаёміць з мясцовым побытам, прыродай або кухняй.
Калі турыст захоча зняць толькі лазню, аформіць такую замову па законе не атрымаецца. Да яе давядзецца дадаць краязнаўчую экскурсію, дэгустацыю фермерскай ежы, майстар-клас або народнае свята.
Затое для экскурсій уладальнікам і іх работнікам не патрэбна атэстацыя гіда. А для традыцыйных святаў без продажу білетаў і з беларускімі артыстамі больш не давядзецца афармляць уключэнне ў рэестр арганізатараў мерапрыемстваў Мінкульта.
А вось з гулянкамі на вуліцы ўсё стала больш строга. Правесці сямейную ўрачыстасць, гастравечар або фальклорную сустрэчу ў двары атрымаецца толькі са згоды суседзяў, уключна з тымі, хто жыве праз дарогу. Падыдзе нават SMS або паведамленне ў мэсэнджары з датай і часам падзеі, але гэтае правіла дзейнічае кругласутачна, а не толькі пасля 23:00.
Больш за тое, сусед мае права перадумаць і адклікаць сваю згоду за дзень да свята — тады мерапрыемства на паветры давядзецца адмяняць.
Да 15 пакояў, крэдыты пад 5% і агульны каталог
Пры гэтым уладальнікам аграсядзіб дазволілі пашырацца. Ліміт жылых пакояў у доме паднялі з 10 да 15. Праўда, забудоўваць участак іншымі капітальнымі будынкамі для начлегу гасцей, акрамя самой аграсядзібы і гасцявых дамкоў, па-ранейшаму нельга.
Павінен дапамагчы льготны крэдыт ад Белаграпрамбанка пад 5% гадавых. Тэрмін яго вяртання павялічылі з 7 да 10 гадоў для фізічных асоб і з 5 да 8 гадоў для сельгасарганізацый, а старую верхнюю планку ў 2000 базавых велічынь наогул прыбралі. Грошы дазваляюць накіраваць на рамонт, гасцявыя дамкі, куплю інвентара або добраўпарадкаванне ўчастка.
Нават калі ўладальнік ужо браў такі крэдыт шмат гадоў таму, падацца паўторна не забараняюць — банк будзе ўлічваць новы праект і рэальныя даходы.
За адно ў краіне з’явіцца адзіны адкрыты рэестр усіх аграсядзіб з адрасамі, кантактамі і цэнамі. Спачатку яго запусцяць на сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме, а потым перанясуць на платформу «Разумны горад (рэгіён)» з пошукам па паслугах.
Трактар не выратуе ад падатку ў 10%
Па змаўчанні уладальнікі аграсядзіб плацяць 10% падатку на прафесійны даход. Перайсці на фіксаваны збор у 45 рублёў у месяц могуць толькі тыя, хто працуе па-за межамі Мінскага раёна і знаходзіцца мінімум за 10 кіламетраў па дарозе ад мяжы райцэнтра. Калі пад’ездаў да аграсядзібы некалькі, адлегласць палічаць па самым кароткім маршруце.
Але адной аддаленасці мала — давядзецца даказаць, што турыстаў насамрэч пагружаюць у мясцовыя традыцыі і побыт. Проста прыпаркаваць у двары трактар МТЗ не спрацуе: раённая камісія праверыць, ці праводзяцца для гасцей сапраўдныя экскурсіі, майстар-класы або збор ураджаю.
Будуць глядзець на дамовы, майстэрні, запасы гліны або мукі і нават на водгукі ў інтэрнэце. Пры гэтым патрабаваць лішнія паперы кшталту тэхналагічных карт выканкамам не дазволілі.
Усе старыя бестэрміновыя дазволы на збор у 45 рублёў перастануць дзейнічаць 31 снежня 2026 года, таму ўладальнікам давядзецца падаваць заявы нанова. А тым, хто толькі збіраецца зайсці ў гэты бізнес, варта закрыць старыя даўгі: шлях у агратурызм закрылі даўжнікам па заработнай плаце, грамадзянска-прававых дамовах і кампенсацыях шкоды здароўю.