Міністр замежных спраў Украіны паставіў Лаўрова на месца
- 21.11.2026, 14:45
Гаворка ішла пра «спрадвечна рускія» землі.
У расійскім МЗС перакананыя, што паўднёвы ўсход і цэнтр Украіны, уключаючы Кіеў, з'яўляюцца «спрадвечна расійскімі землямі». У адказ Украіна нагадала пра тэрыторыі Расіі, дзе стагоддзямі жылі ўкраінцы.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на паведамленне ў сацсетцы Х міністра замежных спраў Украіны Андрэя Сібігі у адказ на заяву кіраўніка МЗС РФ Сяргея Лаўрова.
Што заявіў Лаўроў
У інтэрв'ю для праекта «Наша Хрышчэнне. Прадстаяцель» міністр замежных спраў Расіі заявіў, што «паўднёвы ўсход Украіны і большая частка цэнтральнай Украіны, уключаючы Кіеў, — гэта, безумоўна, спрадвечна рускія землі».
Паводле яго слоў, там жыве народ, «які хрысціўся ў адной купелі» з расіянамі. Лаўроў таксама назваў адной з галоўных задач Расіі перамогу над «русафобіяй».
«Думаю, што цяпер у нас самая галоўная перамога, апроч дасягнення мэтаў спецыяльнай ваеннай аперацыі, але звязаная з гэтымі мэтамі задача — гэта перамагчы пячэрную русафобію, якую спрабуюць насадзіць ва Украіне», — падкрэсліў ён.
Што адказаў Сібіга
Сібіга нагадаў Лаўрову пра тэрыторыі сучаснай Расіі, жыхары якіх на працягу стагоддзяў размаўлялі па-ўкраінску і лічылі сябе ўкраінцамі.
«Жыхары Кубані, Старадубшчыны, Паўночнай і Усходняй Слабажаншчыны — у межах цяперашніх Краснадарскага краю, Белгарадскай, Бранскай, Варонежскай, Курскай і Растоўскай абласцей — стагоддзямі размаўлялі па-ўкраінску і лічылі сябе ўкраінцамі», — напісаў Сібіга.
Ён іранічна спытаў, ці не варта ў такім выпадку Украіне патрабаваць вяртання гэтых тэрыторый.
«Дык, можа, і нам патрабаваць вярнуць гэтыя спрадвечныя ўкраінскія землі?» — адзначыў міністр.
Сібіга таксама ўспомніў Жоўты, Шэры і Зялёны Кліны — тэрыторыі ў Паволжы, на поўдні Сібіры і на Далёкім Усходзе, якія былі заселеныя ўкраінцамі.
У той жа час кіраўнік украінскага МЗС падкрэсліў, што міжнародна прызнаныя межы вызначаюцца не гістарычнымі сцверджаннямі, а міжнародным правам і Статутам ААН.
«Менавіта таму ў свеце існуюць міжнародна прызнаныя межы. Іх вызначае не гістарычная лухта, а міжнароднае права і Статут ААН — паняцці, якія міністр замежных спраў РФ павінен добра ведаць, але адкрыта грэбуе імі», — падсумаваў Сібіга.