Сікорскі: Польшча адкажа Расіі на ўварванне дронаў і ракет
- 21.11.2026, 15:12
Пытанне таксама будзе абмяркоўвацца ў Бруселі як у вайсковых, так і ў палітычных колах.
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў, што Варшава выкажа Расіі сваё «крайняе незадавальненне» ў адказ на парушэнне яе паветранай прасторы.
Пра гэта Сікорскі сказаў у каментары журналістам, паведамляе TVN24.
Паводле слоў міністра, Польшча чакае канчатковага пацвярджэння таго, што лятальныя апараты, што ўпалі на яе тэрыторыі 20 лістапада, належаць Расіі.
«Польская паветраная прастора і паветраная прастора НАТА — гэта адно і тое ж. Вядома, мы выкажам расійскаму боку наша крайняе незадавальненне. Чакаем пацвярджэння неабвержных фактаў», — заявіў Сікорскі.
Ён адзначыў, што «гэтае пытанне таксама будзе абмяркоўвацца ў Бруселі як у вайсковых, так і ў палітычных колах». Кіраўнік МЗС Польшчы нагадаў, што расійскія правакацыі і дыверсіі адбываюцца таксама на тэрыторыі Германіі, Даніі і краін Балтыі, а расійскія дроны часта залятаюць у паветраную прастору Румыніі.
«Гэта вайна і дзяржаўны тэрарызм, што абсалютна не адпавядае таму, што Пуцін кажа прэзідэнту Злучаных Штатаў», — падкрэсліў дыпламат.
Як паведамлялася, 20 лістапада на фоне інцыдэнту з парушэннем паветранай прасторы Польшчы абломкі невядомых аб'ектаў выявілі ў трох месцах у Люблінскім і Падкарпацкім ваяводствах.
Паводле дадзеных ваяводы Падкарпацкага ваяводства Тэрэзы Кубас-Хуль, 20 лістапада падчас расійскіх удараў па Украіне ў Польшчу заляцела адна крылатая ракета і два рэактыўныя дроны, хаця раней чыноўнікі паведамлялі пра падзенне двух ракет і аднаго беспілотніка.
Пазней стала вядома, што пілот шведскага знішчальніка Gripen, які патруляваў неба над Польшчай падчас парушэнняў паветранай прасторы ў пятніцу, атрымаў дазвол на збіццё расійскай ракеты, але не змог гэтага зрабіць праз складаныя ўмовы надвор'я.
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск, каментуючы інцыдэнт з парушэннем польскай паветранай прасторы, папярэдзіў пра «месяцы вялікіх выпрабаванняў».