BepiColombo даляцеў да Меркурыя
- 21.11.2026, 15:59
Пасля васьмі гадоў падарожжа касмічны апарат выйдзе на арбіту гэтай загадкавай планеты.
Пераадолеўшы 10 мільярдаў кіламетраў, касмічны апарат BepiColombo здолеў наблізіцца да Меркурыя і рыхтуецца выйсці на яго арбіту. Падарожжа да гэтай загадкавай планеты — сумесны праект Еўрапейскага касмічнага агенцтва (ESA) і Японскага агенцтва аэракасмічных даследаванняў (JAXA), піша BBC.
Апарат апынецца ў надзвычай жорсткіх умовах: Меркурый — найбліжэйшая да Сонца планета, і тэмпература на яе паверхні можа дасягаць +430 °C удзень, а ўначы зніжацца да −180 °C. Акрамя таго, планета пастаянна падвяргаецца ўздзеянню інтэнсіўнага сонечнага выпраменьвання.
Місія BepiColombo можа дапамагчы разгадаць галоўныя тайны Меркурыя. Навукоўцы спадзяюцца высветліць, чаму ў кратэрах планеты захоўваецца лёд, нягледзячы на блізкасць да Сонца, а таксама зразумець паходжанне загадкавых паглыбленняў, якімі ўсыпана паверхня Меркурыя.
«Мне здаецца, сярод планет унутранай часткі Сонечнай сістэмы Меркурыю надаюць незаслужана мала ўвагі, але гэта таксама адна з тых прычын, якія робяць планету цікавай для вывучэння», — кажа адна з вядучых даследніц місіі, прафесар Эмма Банс з Лестэрскага ўніверсітэта.
Апарат BepiColombo запусцілі ў 2018 годзе з касмадрома ў Французскай Гвіяне. Дасягнуць Меркурыя яму было няпроста: з-за моцнага гравітацыйнага прыцягнення Сонца апарату даводзілася пастаянна карэктаваць хуткасць і траекторыю палёту.
На працягу ўсяго падарожжа BepiColombo даводзілася пастаянна тармазіць. Для гэтага апарат некалькі разоў пралятаў міма планет, прыцягненне якіх дапамагала яму запавольвацца і змяніць напрамак палёту. Такім чынам, за восем гадоў ён адзін раз абляцеў Зямлю, двойчы — Венеру і шэсць разоў — Меркурый.
Найбольш рызыкоўны манеўр чакае апарат пры выхадзе на арбіту Меркурыя. BepiColombo трэба будзе за 11 хвілін знізіць хуткасць настолькі, каб прыцягненне Меркурыя ўтрымала яго на арбіце. Калі нешта пойдзе не так, ён можа проста праляцець міма планеты.
Да гэтага часу да Меркурыя набліжаліся толькі два касмічныя апараты — абодва ў рамках місій NASA. У 1970-х гадах Mariner 10 тройчы пралятаў міма планеты. У 2011 годзе на арбіту Меркурыя выйшаў касмічны апарат «Мэсенджар», які прапрацаваў там чатыры гады. Дзякуючы яму навукоўцы выявілі лёд у кратэрах каля палюсоў планеты. Акрамя таго, высветлілася, што магнітнае поле Меркурыя зрушана адносна цэнтра планеты прыблізна на 10% яе радыуса.
Падчас місіі навукоўцы нададуць асаблівую ўвагу незвычайным упадзінам на паверхні планеты. Такіх паглыбленняў на Меркурыі — тысячы. Яны няглыбокія, маюць стромкія сценкі, часта размяшчаюцца групамі і па геалагічных мерках вельмі маладыя — іх узрост складае каля 100 тысяч гадоў. Даследчыкі ўстанавілі, што гэтыя ўпадзіны ўзніклі не ў выніку падзення метэарытаў, аднак як менавіта яны сфармаваліся, пакуль невядома.
BepiColombo таксама дапаможа вывучыць яшчэ адну асаблівасць Меркурыя: нягледзячы на невялікія памеры планеты (яна меншая за наш Месяц), у яе надзвычай вялікае металічнае ядро.
Паводле слоў прафесара Эммы Банс, у мінулым Меркурый мог быць значна большым.
«Згодна з адной з версій, у выніку магутнага сутыкнення планета страціла сваю мантыю. Альбо прычынай стала цэлая серыя сутыкненняў, што адбываліся на працягу больш працяглага часу. Паступова яны зрывалі вонкавыя слаі планеты — мантыю і кару — і ў выніку сфармавалі той Меркурый, які мы назіраем сёння», — тлумачыць Банс.
Разам з тым, паводле слоў вучонай, існуе верагоднасць, што Меркурый першапачаткова сфармаваўся менавіта такім у багатай металамі вобласці Сонечнай сістэмы на раннім этапе яе існавання.
У місіі ёсць незвычайная асаблівасць: на борце знаходзяцца адразу два касмічныя апараты. Праз некалькі тыдняў пасля прыбыцця да Меркурыя яны падзеляцца.
Еўрапейскі апарат ESA будзе даследаваць паверхню планеты з блізкай адлегласці, а японскі апарат JAXA будзе весці назіранні Меркурыя з аддаленай арбіты.
Поўнамаштабная мадэль BepiColombo прадстаўленая ў Музеі навукі ў Лондане. Яе распрацоўвала сістэмная інжынер кампаніі Airbus Джэсіка Маршал, якая паказала журналістам ключавыя элементы канструкцыі апарата.
Паводле слоў Маршал, момант падзелу двух апаратаў прымусіць каманду пахвалявацца.
«Мы распрацавалі спецыяльны механізм і вельмі ўважліва прадумалі канструкцыю BepiColombo. На працягу васьмі гадоў ён падвяргаўся ўздзеянню касмічнага выпраменьвання і велізарных перападаў тэмпературы. Цяпер спружынны механізм павінен спрацаваць і вельмі плыўна вызваліць апараты», — распавяла інжынер.
З дапамогай двух арбітальных апаратаў, абсталяваных мноствам навуковых прыбораў, каманда BepiColombo спадзяецца раскрыць таямніцы гэтай планеты. А магчыма, і выявіць шмат новых загадак.