НАТА сабярэцца на сустрэчу ў Бруселі з-за ўварвання расійскіх ракет у Польшчу
- 22.11.2026, 10:49
Варшава атрымае ад саюзнікаў магутную падтрымку.
У панядзелак у штаб-кватэры НАТА ў Бруселі адбудзецца пасяджэнне Паўночнаатлантычнай рады, на якім будзе абмяркоўвацца парушэнне паветранай прасторы Польшчы расійскімі ракетамі.
Пра гэта паведамляе RMF24.
Польшчу на сустрэчы будзе прадстаўляць намеснік міністра абароны Павал Залеўскі.
«У бліжэйшы час мы атрымаем ад саюзнікаў па НАТА магутную падтрымку, якая ўзмоцніць абарону нашай усходняй мяжы! У панядзелак у штаб-кватэры НАТА адбудзецца надзвычайнае пасяджэнне Паўночнаатлантычнай рады, на якім мы прадставім канкрэтныя прапановы і вызначым новыя магчымасці дзеянняў», — паведаміў у суботу ўвечары міністр абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш.
Ён дадаў, што ў суботу аб дэталях размаўляў з галоўнакамандуючым Аб’яднанымі сіламі НАТА ў Еўропе, генералам Алексусам Грынкевічам. Ён таксама падзякаваў генеральнаму сакратару НАТА Марку Рютэ за — як ён напісаў — заяву з гэтай нагоды.
Паўночнаатлантычная рада — найважнейшы орган прыняцця рашэнняў НАТА. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі ўсіх дзяржаў — членаў Альянсу (звычайна гэта паслы пры НАТА, але пры неабходнасці таксама міністры замежных спраў, абароны або кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў).
Генеральны сакратар НАТА падчас суботняга візіту ў Варшаву падкрэсліў, што ў сувязі з трапленнем ракет на тэрыторыю Польшчы ён падтрымліваў кантакт як з прэм’ер-міністрам Польшчы, так і з прэзідэнтам.
«Польшча — моцны саюзнік, у вас тут выдатныя ўзброеныя сілы, і цяпер мы павінны дакладна высветліць, што адбылося. Камандуючы сіламі НАТА ў Еўропе зробіць усё, каб дакладна высветліць, дзе існуюць пагрозы для нашай сістэмы стрымлівання і абароны, каб у выпадку неабходнасці ўнесці пэўныя змены», — адзначыў Рютэ.
Як паведамлялася, 20 лістапада на фоне інцыдэнту з парушэннем паветранай прасторы Польшчы абломкі невядомых аб’ектаў выявілі ў трох месцах у Люблінскім і Падкарпацкім ваяводствах.
Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, каментуючы інцыдэнт з парушэннем польскай паветранай прасторы, папярэдзіў пра «месяцы вялікіх выпрабаванняў».
Паводле даных ваяводы Падкарпацкага ваяводства Тэрэзы Кубас-Хуль, 20 лістапада падчас расійскіх удараў па Украіне у Польшчу заляцела адна крылацая ракета і два рэактыўныя дроны, хоць раней афіцыйныя асобы паведамлялі пра падзенне двух ракет і аднаго беспілотніка.