BE RU EN

Расійскі ўдар знёс пяціпавярхоўку пад Кіевам

  • 22.11.2026, 11:51

Людзей шукаюць пад заваламі.

У пасёлку Дымер Вышгарадскага раёна Кіеўскай вобласці ў выніку расійскай атакі разбураны жылы дом. Пад заваламі могуць знаходзіцца сем чалавек, паведаміла Дзяржаўная служба Украіны па надзвычайных сітуацыях (ДСНС).

«У выніку ранішняй атакі разбураны дом з першага па пяты паверх. Ратавальнікі эвакуявалі дзевяць чалавек, сярод іх адно дзіця. Яшчэ адно дзіця, 2010 года нараджэння, пацярпела і было шпіталявана. Папярэдне сем чалавек могуць знаходзіцца пад заваламі», — распавялі ў ДСНС.

Працягваюцца аварыйна-выратавальныя работы, разбор разбураных канструкцый і пошук людзей.

У шпіталяванага падлетка множныя асколачныя раненні рукі. А 22-гадовая дзяўчына атрымала разаныя раны ступні, медыкі аказалі ёй дапамогу на месцы, паведаміў кіраўнік абласной адміністрацыі Тымур Ткачэнка.

Таксама ўдарнай хваляй пашкоджаны размешчаны побач дзіцячы садок.

Паводле Паветраных сіл Украіны, у ноч на 22 лістапада Расія атакавала 186 ударнымі БПЛА тыпу Shahed (72 з іх — рэактыўныя), «Гербера» і дронамі-імітатарамі тыпу «Пародыя». Было збіта або падаўлена 161 дрон.

Раніцай 22 лістапада атака працягвалася.

У ДСНС паведамілі, што пажары з-за ўдараў адбыліся на Харкаўшчыне і Чарнігаўшчыне.

Апошнія навіны