BE RU EN

У Беларусі кардынальна мяняюць правілы забудовы

  • 25.11.2026, 12:51

Што варта ўлічваць тым, у каго ёсць прыватныя дамы.

У Беларусі з 1 снежня ўводзяць змены ў будаўнічыя нормы. Сярод іншага чыноўнікі ўжорстчаць патрабаванні да адлегласцей паміж пабудовамі на суседніх участках. Ва Уздзенскім райвыканкаме расказалі, што важна ўлічыць уладальнікам ужо ўзведзеных дамоў, каб не атрымаць у будучыні праблемы, піша «Зеркало».

Каротка пра тое, што зменіцца

З 1 снежня гэтага года ўступаюць у сілу абноўленыя будаўнічыя нормы, яны закрануць у тым ліку размяшчэнне аб’ектаў на сумежных зямельных участках. З наступнага месяца патрабаванні будуць наступныя:

жылы дом павінен быць размешчаны на адлегласці не менш як 3 метры ад мяжы суседняга ўчастка;

гаспадарчая пабудова — не менш як 2 метры ад мяжы суседняга ўчастка.

Цяпер уладальнікі могуць узгадніць з суседзямі змяншэнне гэтых адлегласцей. Для гэтага трэба атрымаць натарыяльна завераную згоду сумежнага землекарыстальніка. З 1 снежня 2026 года такой магчымасці больш не будзе.

Што кажуць чыноўнікі

Правілы, якія пачнуць дзейнічаць з 1 снежня, датычацца новых пабудоў. Гэта не азначае, што раней узведзеныя аб’екты трэба неадкладна пераносіць або змяняць іх памеры.

Але важна ўлічыць некалькі вельмі істотных момантаў. Па-першае, калі дом або гаспадарчая пабудова ўжо знаходзяцца бліжэй да мяжы суседняга ўчастка, чым прадугледжваюць новыя патрабаванні, пры рэканструкцыі нельга будзе павялічваць габарыты будынка ў бок прылеглай тэрыторыі.

Па-другое, калі такая пабудова была ўзведзена з парушэннямі або яна не зарэгістраваная, то легалізаваць яе па «амністыі» не атрымаецца, расказала намесніца начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва Уздзенскага райвыканкама Наталля Бушко.

Нагадаем, да канца 2027 года ў Беларусі ёсць магчымасць узаконіць самавольныя пабудовы.

«Указ № 253 (па такой «амністыі». — Заўв. рэд.) выручае: ужо пабудаваныя аб’екты, якія адпавядаюць яго крытэрыям, можна ўвесці ў эксплуатацыю нават з парушэннямі па адступах. Скарыстацца гэтым можна толькі да 30 лістапада 2026 года ўключна. Таму калі ў вас на ўчастку стаіць неаформлены дом або гаспадарчая пабудова — тыдзень у вас ёсць (ужо крыху менш. — Заўв. рэд.)», — удакладніла Наталля Бушко.

Калі ж пасля 1 снежня парушыць новыя патрабаванні па адлегласці ў 3 метры для жылых дамоў і 2 метры для гаспадарчых пабудоў, то «наступствы з 1 снежня будуць сур’ёзныя — аж да зносу збудавання», — дадала чыноўніца.

«Раней нормы былі мякчэйшыя: калі адлегласць да мяжы аказвалася меншай за належную, можна было ўзяць натарыяльна завераную згоду суседа і ўвесці дом у эксплуатацыю, — удакладніла Наталля Бушко. — Цяпер такой магчымасці не будзе».

Яна таксама звярнула ўвагу яшчэ на адзін момант: адступ лічаць не да плота, а ад сцен або фундаменту (цокаля) да зафіксаванай у дакументах мяжы ўчастка. Плот можа зрушыцца адносна рэальнай мяжы — і тады нават візуальныя «тры метры да суседскай агароджы» насамрэч акажуцца меншымі за норму.

Апошнія навіны