BE RU EN

Ва Украіне прадухілілі замах на камандзіра аднаго з найбуйнейшых засакрэчаных падраздзяленняў Сіл абароны

  • 25.11.2026, 13:28

СБУ заявіла пра затрыманне расійскага агента.

Служба бяспекі Украіны пры садзейнічанні галоўнакамандуючага ЗСУ і камандавання Сіл спецыяльных аперацый ЗСУ прадухіліла заказнае забойства камандзіра элітнага атрада спецыяльных аперацый ССО ў Хмяльніцкім, гаворыцца ў паведамленні СБУ.

Паводле звестак следства, забойства кіраўніка аднаго з найбуйнейшых засакрэчаных падраздзяленняў Сіл абароны арганізаваў агент расійскай вайсковай разведкі (ГРУ). Ён заклаў выбухоўку ў кросовер і прыпаркаваў яго каля пад'езда шматпавярховага дома, дзе жыў украінскі баец спецназу.

У дзверцы аўтамабіля знаходзілася самаробная выбуховая прылада на аснове паўкілаграма пластыда, з металічнымі шарыкамі і іншымі паражальнымі элементамі. Фігурант мусіў прывесці выбухоўку ў дзеянне ў той момант, калі афіцэр будзе праходзіць міма аўтамабіля, заявілі ў СБУ.

Прадстаўнікі ГРУ назіралі за падзеямі праз відэарэгістратар іншага аўтамабіля, што стаяў каля пад'езда.

СБУ затрымала кілера на гарачым — за некалькі метраў ад месца запланаванага выбуху, калі ён збіраўся націснуць кнопку дыстанцыйнага кіравання самаробнай бомбай.

Выканаўцам замаху аказаўся былы вайсковец з Харкава, звольнены са службы ў 2024 годзе па стане здароўя. Паводле звестак СБУ, па заданні ГРУ ён сачыў за афіцэрам ССО з дапамогай відэарэгістратара з арэндаванай кватэры ў Хмяльніцкім. Пасля ён забраў з тайніка дзверы аўтамабіля, у якія загадзя было ўмантавана выбуховае прыстасаванне, і ўсталяваў іх на кросовер.

Расіяне абяцалі харкаўчуку, што пасля тэракту вывязуць яго ў Расію і нададуць грамадзянства.

Затрыманаму паведамілі пра падазрэнне паводле ч. 2 арт. 111 Крымінальнага кодэкса Украіны (дзяржаўная здрада). Яму пагражае пажыццёвае пазбаўленне волі з канфіскацыяй маёмасці.

Апошнія навіны